У Дзень горада артысты «Лялькі» і джына выпусцілі, і рыбку злавілі

Адкрыццём выявы Хатабыча (скульптар – Сяргей Сотнікаў) кіравалі Маг-чарадзей (Аляксей Макарскі) і Гандляр (Яўген Гусеў) пры дапамозе Усходняй Чараўніцы (Марына Марозава) і артыстаў на хадулях – Марыі Кавалёвай і Алеся Казлова. Ну а чароўны збан яны даверылі самым паважаным гасцям: старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктару Нікалайкіну і старшыні Віцебскага абласнога савета дэпутатаў Уладзіміру Цярэнцьеву. Абдурахман ібн Хатаб не занатурыўся і паказаўся людзям з вялікаю ахвотай.

Ну а Залатую рыбку (скульптар – Іван Казак) для ўсіх жыхароў Віцебска лавілі, вядома, Дзед (Сяргей Талкач) і Баба (Ларыса Мартынава) разам з прыгажунямі-Русалкамі (Вольга Лазебная і Ганна Сцепанец). Праўда, злавіць яе ўдалося толькі з дапамогай маладых – Сяргея і Вікторыі – якія сёння пабраліся шлюбам. Ну і ўсё атрымалася як трэба: галубы і шарыкі ляцелі ў неба, маладыя прымалі кветкі і падарункі ды абменьваліся пацалункамі.

На жаль, у цырымоніі адкрыцця з-за збегу разнастайных мерапрыемстваў не знайшлося хвілінкі, каб даць слова аўтарам скульптур: Сяргею Сотнікаву і Івану Казаку. Затое працы іх не толькі цешаць вока, а і, калі верыць артыстам «Лялькі», здзяйсняюць мары.

Нагадваем алгарытм: з павагаю набліжаецеся да Абдурахмана ібн Хатаба, далікатненька трэце ягоны чароўны збан, загадваеце жаданне і рушыце ў касу «Лялькі». Калі ўдалося набыць білет – задуманае спраўдзіцца абавязкова!