Дзень роднай мовы — “Скарб” і любімыя словы

21 лютага педагогі і вучні віцебскай школы №45 прыйшлі ў Беларускі тэатр “Лялька”, каб паглядзець спектакль “Скарб”. Пастаноўка рэжысёра Віктара Клімчука і мастака Аляксандра Сідарава — гэта пераансэнсаванне вядомай казкі Уладзіміра Караткевіча “Чортаў скарб”. Відовішчнае змаганне Анёла і Чорта за хату Янкі-ды-Жонкі ды ўсю беларускую зямлю выклікала ў юнакоў і дзяўчат шчырае суперажыванне.

У гэты дзень гледачы разам з супрацоўнікамі “Лялькі” натхнёна пісалі ўлюбёныя беларускія словы: “Каханне”, “Сяброўства”, “Матуля”, “Буслы”, “Шчырасць”, “Перамога”… А таксама “Пачастунак”, “Падарунак”, “Бавоўна”, “Ежа”, “Патэльня” і шмат чаго яшчэ. А вы ведаеце, што такое “марэля”?