«Жураўлінае пяро” вяртаецца

Пасля працяглага перапынку на сцэне “Лялькі” зноў можна пабачыць спектакль “Жураўлінае пяро”, створаны рэжысёрам Віктарам Клімчуком і мастакамі Аляксандрам Сідаравым і Ганнай Сідаравай.

Гісторыя з японскага эпасу, дзе ў звычайных сялянскіх хацінах жывуць жанчыны-птушкі і жанчыны-змеі, нікога не пакіне абыякавым. Тут сэрцы, паяднаныя ўзаемным каханнем, уздымаюцца да самых нябёсаў і разбіваюцца насмерць аб банальную, але зразумелую і старажытнаму японцу, і сучаснаму беларусу прагу да багацця і прыгожага жыцця.

Шамацяць традыцыйныя японскія засаўкі з бамбуку, за якімі і разгортваецца спрадвечная чалавечая трагедыя.

Добры Сато (артыст Юрый Франкоў) аказваецца слабым перад спакусамі ўвішных махляроў (іх ролі выконваюць Аляксандр Маханькоў і Валерый Зімніцкі), губляючы праз гэтую слабасць найвышэйшую каштоўнасць свайго жыцця. Зямную абалонку самаахвярнай Ацумі іграе адчайдушна пранізлівая Ганна Сцепанец, а крылатую — ўзлётна-пластычная Вольга Лазебная.

З’яўленне ў выдатным акцёрскім ансамблі маладой актрысы Марыі Кавалёвай (у ролі Ведзьмы) надало “Жураўлінаму пяру” новыя фарбы, не парушыўшы яго чароўнай атмасферы.

Спектакль будзе паказаны падчас “Свята “Лялькі”, 21 красавіка.