Аркадзь Падліпскі распавёў праўдзівую біяграфію будынка, дзе жыве “Лялька”

Вядомы даследчык віцебскай даўніны Аркадзь Падліпскі прэзентаваў шэсць кніг з серыі “Біяграфія віцебскага дома”.

Шостым па ліку акурат стала выданне гісторыі будынка па вуліцы Пушкіна, 2, дзе зараз месціцца Беларускі тэатр “Лялька”.

Гэтая кніга мае асаблівую каштоўнасць, бо памылковыя звесткі пра гэты адметны дом не толькі дзесяцігоддзямі ўкараняліся ў свядомасць віцяблянаў, але і трапілі ў паважаныя энцыклапедычныя даведнікі.

Грунтуючыся на архіўных звестках, Аркадзь Міхайлавіч карпатліва і ўважліва ўзнавіў гісторыю пабудовы памяшкання для Талмуд-торы, вірлівыя падзеі першай сусветнай вайны і рэвалюцыі, што адбываліся ў гэтым памяшканні. Распавёў пра няпростае, але цікавае жыццё навучэнцаў Яўрэйскага педтэхнікума і іншых навучальных устаноў, што тут месціліся. Узгадаў лёс будынка падчас другой сусветнай вайны. Пералічыў асоб, што ўзначальвалі Віцебскі гаркам партыі і гаркам камсамола ў пасляваенны час аж да 1991, калі ладны будынак у самым цэнтры горада перайшоў да Беларускага тэатра “Лялька”.

Спадзяемся, Аркадзь Падліпскі парадуе аматараў краязнаўства яшчэ не адным выданнем з серыі “Біяграфія віцебскага дома”. Яго даследаванні вызначаюцца навуковай дакладнасцю і добрым стылем выкладання.