20! І яшчэ 400! “Брэменскія музыкі” адсвяткавалі падвойны юбілей.

20! І яшчэ 400! “Брэменскія музыкі” адсвяткавалі падвойны юбілей.

Гэты незвычайны спектакль нарадзіўся 20 гадоў назад, у 1998 годзе. І адразу стаўся адной з візітовак нашага тэатра. Яго аўтарам — рэжысёру Віктару Клімчуку, мастакам Аляксандру ды Ганне Сідаравым і харэографу Анатолю Кастрыцкаму з ўнікальным акцёрскім ансамблем “Лялькі” — пашчасціла стварыць сапраўдную лялечна-цыркавую феерыю.

“Брэменскіх музыкаў” захоплена віталі не толькі беларускія гледачы. У Латвіі, Польшчы, Германіі, Сербіі і Чарнагорыі — паўсюль глядзельная зала па сканчэнні спектакля літаральна ўзрывалася авацыямі. Аляксандр Маханькоў (Блазан) і Вольга Маханькова (Прынцэса) былі прызнаныя лепшымі выканаўцамі галоўных роляў на прэстыжных міжнародных фестывалях лялечных тэатраў.

Сёння “Брэменскія музыкі” выступалі перад гледачамі 400-ты раз. З гэтае прычыны дырэктар тэатра Аляксандр Грыгор’еў і мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук узнагародзілі артыстаў адмысловымі памятнымі медалямі. Маладыя актрысы Марына Марозава і Марыя Кавалёва былі прызнаныя ганаровымі музыкамі. Артысты Вольга Лазебная, Аляксей Макарскі, Яўген Гусеў і Наталля Гайдук атрымалі званне Заслужаных Брэменскіх музыкаў.

Ну а Аляксандр Маханькоў, Вольга Маханькова, Алег Рыхтэр, Ларыса Мартынава, Юрась Франкоў і Ганна Сцепанец, на чыім рахунку ўсе 400 сыграных за 20 гадоў спектакляў, атрымалі з рук свайго рэжысёра ўзнагароды Народных Брэменскіх музыкаў.