Калінінградскі “Храбрый Портняжка” на Свяце “Лялькі”

Калінінградскі “Храбрый Портняжка” на Свяце “Лялькі”
А вы ведаеце, як зрабіць свой дробны бізнэс сярэднім і стабільна паспяховым? Няма нічога прасцей: для пачатку трэба прыстукнуць штук сем паразітаў, потым запалохаць Велікана, разабрацца з Разбойнікамі і пры дапамозе Адзінарога ўчыніць дзяржаўны пераварот. Усё: замовы ад новага Караля дазволяць жыць прыпяваючы ды прытанцоўваючы не толькі вам, але і ўсім вашым супрацоўнікам.

Гісторыю адважнага краўца Ганса па матывах вядомай казкі братоў Грым у Віцебску распавялі артысты Калінінградскага абласнога тэатра лялек. Галоўную ролю выканаў абаяльны Аляксандр Юргін. Спектакль “Храбрый Портняжка”, пастаўлены рэжысёрам Людмілай Фёдаравай, прыйшоўся даспадобы віцяблянам.

У сваю чаргу, па словах Дзмітрыя Смагіна, галоўнага рэжысёра Калінінградскага абласнога тэатра лялек, госці ўпадабалі і горад, і “Ляльку”, і нашых гледачоў. Наш мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук і дырэктар Аляксандр Грыгор’еў падаравалі сябрам-артыстам памятны дыплом і дыван з віцебскім краявідам.