Свята юных творцаў

23 траўня ў Беларускім тэатры “Лялька” падводзіў вынікі чарговага этапу праекта “Творца жыве ў кожным з нас” аддзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Навучэнцы і супрацоўнікі аддзела не першы год з’яўляюцца ў нас жаданымі гасцямі — яны рэгулярна ладзяць і абнаўляюць выставы прац, тэматычна звязаных са зместам спектакляў “Лялькі”. А некаторыя з іх у выхадныя дні арганізуюць адмысловыя майстар-класы. Гледачам вельмі падабаецца ўласнымі рукамі пад кіраўніцтвам педагогаў і найбольш вопытных навучэнцаў ствараць сувеніры на памяць пра наведванне тэатра.

Сваё традыцыйнае свята аддзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гэтым разам распачаў, як кажуць, не заходзячы ў тэатр — на пляцоўцы каля Хатабыча выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Эцюд” (аддзел арганізацыйна-выхаваўчай і інфармацыйнай дзейнасці), пераўвасобіўшыся ў герояў “Брэменскіх музыкаў”, сустракалі гасцей.

Актрыса “Лялькі” Марыя Кавалёва распавядала прысутным пра асаблівасці працы з лялькамі, што выкарыстоўваюцца ў спектаклі “Вясёлы Дарафей” і атрымала ў падарунак арыгінальную Лісіцу, пашытую рукамі навучэнцаў.

Запрошаны фокуснік Васіль Дашкевіч уражваў публіку спрытам рук і цудоўнымі пераўтварэннямі звычайных, на першы погляд, прадметаў.

Спонсарамі і актыўнымі ўдзельнікам імпрэзы сталі кнігарня “Абажурчык” і школа танцаў “WillPower”.

Падчас узнагароджання самых актыўных удзельнікаў праекту загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Таццяна Калтунова і мастацкі кіраўнік “Лялькі” Віктар Клімчук разважалі пра творчасць і яе значэнне ў жыцці людзей. Граматамі і сувенірамі былі адзначаныя як навучэнцы, так і педагогі аддзела.

Спектакль “Хлопчык-Зорка” паводле аднайменнай казкі Аскара Уайльда прымусіў усіх прысутных у глядзельнай зале задумацца пра след чалавека на зямлі, пра неспадзяваныя шляхі граху і выкуплення за яго, пра прыгажосць душы — неад’емны складальнік сапраўднага творцы.