“Мёртвыя душы” ў “Лялечным квартале”

У гэтым годзе першым спектаклем “Лялечнага квартала” сталі “Мёртвыя душы” паводле аднайменнай паэмы Мікалая Гогаля і п’есы Міхаіла Булгакава ў выкананні артыстаў Арэнбургскага дзяржаўнага абласнога тэатра лялек.
Суд над Чычыкавым (артыст Аляксандр Казімірскі) — відавочна, не Божы, а нейкі іншапланетна-масонскі — не дае адказу на пытанне, хто вінаваты. Затое ўважліва вывучае шляхі, якімі цячэ сярод грамадства махлярства і круцельства.
Рэжысёру Вадзіму Смірнову і мастаку Марыне Зорынай удалося стварыць гатычна-вусцішную атмасферу, якая, мабыць, прыйшлася б даспадобы найзнакаміцейшым містыкам мінулага і пазамінулага стагоддзяў — Гогалю і Булгакаву. Трапнаму сугуччу з абранымі класічнымі творамі паспрыялі гнятліва-драматычная музыка Віктара Расоўскага і яркае, але вельмі арганічнае мультымедыйнае афармленне.
Акцёрскі ансамбль уразіўглыбінёй ўзаемадзеяння і ўменнем захаваць асабовыя і маўленчыя характарыстыкі кожнага персанажа на працягу ўсяго спектакля.
Тэматыка спектакля прадвызначыла спалучэнне і сітуацыйную змену стыляў лялькаваджэння: ад пяшчотна-беражлівай да знарочыста неахайнай.
Найбольш шчымлівыя моманты пастаноўкі азначыў непаўторны вакал заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі Любові Мілохінай.
Напрыканцы спектакля гучалі авацыі — шчырыя і працяглыя.
Спадзяемся, добрым напамінам пра іх станецца невялікі сувенір, падобны да беларускай батлейкі, зроблены ў “Ляльцы” адмыслова для калег з Арэнбургу.