Спектакль “Памінальная малітва”


Сярод пачэсных гасцей фестывалю ёсць калектыў, праца якога асабліва ўзрушвае віцяблян, адорваючы іх багатай на нюансы палітрай разваг і эмоцый. Тэатр “Агніва” з падмаскоўных Мыцішчаў у мінулыя гады прэзентаваў на “Лялечным квартале” спектаклі “Развітанне з Мацёрай” і “Вішнёвы сад”.

Гэтым разам гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з пастаноўкай вядомага беларускага рэжысёра Алега Жугжды і мастака Анастасіі Кардаш “Памінальная малітва”. Рысы габрэйскага побыту і пакуты насельнікаў Анатаўкі сродкамі лялечнага тэатра абагуленыя і ўзнятыя да філасофскага спасціжэння жыццёвага шляху як ланцуга сустрэч і развітанняў, радасцяў і пакут. Беражлівае стаўленне да зместу афарыстычных твораў Грыгорыя Горына і Шолам-Алейхема, узмоцненае разнастайнымі сцэнічнымі прыёмамі, цягам усяго спектакля выклікала ў зале непадробнае ўзрушэнне, што дасягнула свайго апагею ў фінале, калі гледачы заспявалі разам з артыстамі.

Адметнасцю тэатра “Агніва” з’яўляецца неверагодная зладжанасць працы акцёраў, якія ў масавых сцэнах, здаецца, нават дыхаюць ва ўнісон. Пры гэтым у “Памінальнай малітве” кожны персанаж мае сваё аблічча і адметны тэмперамент, што падкрэсліваецца выразнай індывідуальнасцю лялек.

Гэта было першае наведванне мыцішчанскімі лялечнікамі Віцебска пасля сыходу з жыцця іх нязменнага мастацкага кіраўніка, народнага артыста Расіі Станіслава Фёдаравіча Жалезкіна. Не толькі хвіліна маўчання, але і ўвесь спектакль, і непадробнае захапленне гледачоў сталі добрым успамінам пра стваральніка “Агніва”.