Бенефіс Вольгі Маханьковай

Прымадона “Лялькі” адсвяткавала 25-ю гадавіну працы ў тэатры. Вядома, зала не магла змясціць усіх прыхільнікаў яе творчасці, але самыя зацікаўленыя патрапілі на ўнікальнае відовішча, падрыхтаванае Вольгай разам з калегамі і харэографам Дзіянай Юрчанка. На свята завіталі госці з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа — мастацкі кіраўнік Міхась Краснабаеў, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, намеснік старшыні Віцебскай арганізацыі СТД Вячаслаў Грушоў, артысты Святлана Жукоўская і Георгій Лойка. А яшчэ — вясёлыя “піянеры” аматарскага тэатра “Светач”.

Капуснік атрымаўся эфектны, шумлівы, стракаты і пазітыўны. З чатырма парамі вядучых, арыгінальнымі лялечнымі нумарамі, песнямі, танцамі і пачастункамі. Сама ж Вольга Маханькова за вечар паказалася гледачам у васьмі непадобных між сабою вобразах — і мела поспех у кожным. І не дзіва: хоць ззянне яе прыгажосці і акцёрскага таленту доўгія гады ўпрыгожвае сабою спектаклі “Лялькі”, але ў гэты вечар заблішчэлі новыя, невядомыя раней грані багата адоранай творчай асобы. То няхай жа відавочны патэнцыял выдатнай актрысы рэалізуецца ў новых спектаклях і праектах на радасць гледачам, сябрам і калегам!