“Калабок” на свяце дабрыні і прыгажосці

У Беларускім тэатры “Лялька” прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу творчых прац сярод асоб з абмежаванымі магчымасцямі Кастрычніцкага раёна г.Віцебска. Выніковая выстава ўразіла гледачоў “Лялькі” светлым аптымізмам сюжэтаў і яркасцю фарбаў. З прывітальным словам да мастакоў выступіў намеснік главы раённай адміністрацыі Анатоль Канстанцінавіч Кандратовіч. Падарункі ад спонсараў удзельнікам імпрэзы прэзентавалі старшыня гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Міхаіл Гусачэнка і дырэктар раённага Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Таццяна Рамашова.

Ну а падарункам ад “Лялькі” стаў дабрачынны паказ інтэрактыўнай казкі  “Калабок”, створанай пастаноўшчыкам Дар’яй Зімніцкай і мастаком Аксанай Нікеенка. І хоць сярод гледачоў пераважалі людзі сталага ўзросту, гарэзлівая весялосць артыстаў Марыі Кавалёвай і Сяргея Талкача  захапіла іх і лёгка перанесла ў дзяцінства, змусіўшы азартна дапамагаць героям вядомай з маленства казкі.