“Лялечны квартал-2019” запрашае

10 ліпеня ў 10.00 ля помніка Хатабычу адбудзецца ўрачыстае адкрыццё чарговага “Лялечнага кварталу”. Яго праграму, згодна добрай традыцыі, распачне феерычны спектакль Беларускага тэатра “Лялька” — “Брэменскія музыкі”.

Як заўсёды, фэст збірае толькі самыя таленавітыя і крэатыўныя калектывы. Дзяцей і падлеткаў чакаюць шматлікія сюрпрызы. Напрыклад, пецярбургскі тэатр “Бродячая собачка”, які ўзняў вядомую казку “Дзюймовачка” да ўзроўню філасофскай прытчы. Іншы калектыў з горада над Нявой, Чамадан-дуэт “КВАМ”, прапануе забаўляльна-пазнавальны спектакль “Мы да вас заехалі на час, або Ці лёгка быць артыстам”. Думаю, шмат каму спадабаецца прыгожая “Зімовая казка” Пензенскага абласнога тэатра “Кукольный дом” і яскравая імправізацыя Грыгорыя Остэра на тэму народнай казкі “Была ў зайчыка хацінка” ў выкананні нашых кіеўскіх сяброў з левага берагу Дняпра. А калектыў з Іванава у спектаклі “Дзіцячы альбом” Чайкоўскага” ўвасобіць музыку мовай тэатра лялек.

 “Лялечны квартал” прапануе разнастайную праграму і даросламу гледачу. Спадзяемся, віцяблянам прыйдзецца даспадобы і спектакль “Шыш, ці як мужык з царом пасварыўся” Рыбінскага тэатра лялек, і “Сёстры Грайі” Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” — неверагодная пастаноўка аднаго з самых модных беларускіх рэжысёраў Яўгена Карняга. А любімы ўжо наведнікамі “Лялечнага кварталу” тэатр “Карабаска” з горада Перм зноў прапануе творчае пераасэнсаванне класікі — “Ноч перад Раством” паводле слыннага твора Мікалая Гогаля. Дарэчы, гэтую пастаноўку ажыццявіў таксама даўні сябар віцебскіх лялечнікаў — вядомы украінскі рэжысёр Сяргей Брыжань.

Беларускі тэатр “Лялька”, апрача традыцыйных “Брэменскіх музыкаў”, гэтым разам парадуе гасцей “Лялечнага кварталу” дзвюма новымі пастаноўкамі: імправізацыяй Міхася Клімчука паводле твораў мастака Ганны Сілівончык “Казкі пра казку” і знакавымі для ўсіх прыхільнікаў Шагала рэмінісцэнцыямі Віктара Клімчука “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”.

Вядома, “Лялечны квартал” — гэта не толькі выбітныя спектаклі на тэатральнай сцэне, але і вялікая колькасць вулічных спектакляў, хэпенінгаў, творчых сустрэч і іншых прыемных неспадзяванак. Так што, нават калі камусьці не хопіць квіткоў — не бядуйце. Сачыце за нашымі старонкамі ў сацыяльных сетках: вконтакте, facebook, а таксама за сайтам фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”

Завітайце ў “Лялечны квартал”!

Білеты можна набыць у касах “Славянскага базара”, а таксама ў адміністратараў Беларускага тэатра “Лялька”.

Кабінет №18, тэл. 62-50-51, 62-50-52, 8-029-716-09-77 (Уладзіслаў)