Беларускі тэатр “Лялька” — гэта…

Гэта дзясяткі спектакляў, дзе маштабныя, складаныя і спрэчныя філасофскія пытанні разглядаюцца ў прывабнай, лёгкай форме, зразумелай нават трохгадовым даследчыкам светабудовы. Спектакляў, у якіх асцярожны, няспешны зачын імкліва закручвае спружыну эмоцыяў і цягне за сабою да неверагоднага фіналу.

Гэта глядзельная зала, у якой пасля трэцяга званка ціха згасае святло і зверху наплываюць першыя акорды чароўных мелодый, пераносячы сэрцы гледачоў на сцэну, дзе над дэкарацыямі шторазу аддзяляецца ад побыту нязнанае, надземнае Жыццё.

Гэта лялькі усіх вядомых тыпаў і канструкцый: раставыя, пальчаткавыя, планшэтныя, марыянеткі…. Маленькія, што змяшчаюцца на адной далоні, і вялізныя, што запаўняюць сабою цэлую сцэну. Пяшчотна-пекныя, як Папялушка, і вытанчана-жахлівыя, як злы дух Нікітрон. У спрытных руках акцёраў яны рухаюцца, танчаць, пранікнёна зазіраюць у вочы тым, хто сядзіць у глядзельнай зале і распавядаюць самыя неверагодныя гісторыі.

Гэта заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь — супольнасць аднадумцаў, дзе працуюць майстры, здатныя прыдумаць і змайстраваць невядомы дагэтуль механізм, пашыць сукенку для лялькі-прынцэсы і за адну хвіліну ператварыць звычайны дзень у свята.

Гэта артысты, чые галасы, рукі і пачуцці штодня сплятаюць узорыстую тканіну казкі, што жыве ад першай музычнай ноты да апошняга воплеску апладысментаў. Гэта вядучыя майстры сцэны: інтэлігентны Юрый Франкоў, эксцэнтрычны Аляксандр Маханькоў, няўрымслівы Алег Рыхтэр, абаяльны Аляксей Макарскі, грунтоўны Яўген Гусеў. Гэта светлыя душой і прыгожыя тварам добрыя чараўніцы, што даўно завалодалі сэрцамі дзяцей і дарослых — Ларыса Мартынава, Вольга Маханькова, Ганна Сцепанец, Вольга Лазебная і Наталля Гайдук. Гэта таленавітая моладзь, што фантазіруе, прыдумляе, становіцца на хадулі і шукае ўласных шляхоў у спасціжэнні майстэрства акцёраў-лялечнікаў.

Гэта нязменны мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Ігнатавіч Клімчук, дбаннем якога з маленькай лялечнай трупы вырас адметны тэатр, любімы віцяблянамі і вядомы далёка па-за межамі Беларусі.

Гэта шматлікія Гран-пры і самыя разнастайныя ўзнагароды прэстыжных міжнародных фестываляў і “Лялечны квартал”, што зрабіўся, без перабольшвання, адным з самых цікавых праектаў “Славянскага базару ў Віцебску”.

Гэта святы, канцэрты, канферэнцыі і сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Гэта будынак з дасканалымі класічнымі прапорцыямі на беразе Віцьбы. Там, дзе больш за тысячу год таму з першага паселішча нараджаўся горад. Там, дзе стагоддзямі пазіраў з высокай гары на ваколіцы Верхні замак. Там, дзе па рэштках замчышча блукала беспрытульная Белая панна, не ведаючы, каму прапанаваць свае незлічоныя скарбы.

Гэта незвычайныя гледачы: вясёлыя і гатовыя заплакаць, стрыманыя і ўражлівыя, мудрыя і наіўныя. Хто за два месяцы рупіцца набыць квіткі на навагоднюю праграму. Хто чытае нашы старонкі ў сацыяльных сетках. Хто, не шкадуючы далоняў, выказвае шчырую прыхільнасць артыстам. Тыя, для каго штодня гасцінна адчыняюцца дзверы Беларускага тэатра “Лялька”.