Скарб

Уладзімір Караткевіч, для дзяцей ад 7 гадоў 1:15

“У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі...” У краіне, створанай геніем Уладзіміра Караткевіча, хаваецца скарб, даражэйшы за золата. Змагаюцца за яго Анёл з Чортам, і ад зыходу гэтай барацьбы залежыць лёс не толькі Янкі-ды-Жонкі, а і ўсяго наваколля, па якім ходзяць Павадыр з дужым Мядзведзем.
Паглядзі спектакль ды падумай: што гэта за скарб, і ў чые рукі ён урэшце трапіць?

Умка

Юрый Якаўлеў, для дзяцей ад 3 гадоў 0:50

Далёка-далёка на Поўначы ў вастраверхіх чумах жывуць людзі, якія па некалькі месяцаў не бачаць сонца. Доўгай зімовай ноччу яны распавядаюць адно аднаму сумныя і вясёлыя гісторыі.
Напрыклад, пра белага мядзведзіка Умку, што сустракае сваё першае сонца і знаёміцца з незвычайнымі мядзведзямі, у якіх на носе не расце поўсць, а футра лёгка здымаецца і гэтаксама ж лёгка апранаецца. Ці зможа маленькі мядзведзь пасябраваць з маленькім чалавекам і што атрымаецца з іх незвычайнай прыхільнасці?
Лірычна-пяшчотная гісторыя пра спазнанне свету, цікаўнасць і дабрыню не пакіне абякавымі ні дзяцей, ні дарослых.

Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў

У.Караткевіч, для дарослых 0:50

Спектакль-фантазія перанясе гледача ў далёкія часы – часы Сярэднявечча на Беларусі. Тады, калі кнігі былі забароненыя, калі не было вольнасці, калі адзінай зброяй была музыка, а выратавальнікамі – вандроўныя песняры…
Лепшым з такіх музыкаў, які насіў у сваім сэрцы любоў да роднай зямлі і нагадваў людзям аб забытай свабодзе, гонары і радасці, быў скрыпач Алесь Бан-Жвірба. Пашкадаваўшы самаадданае Каханне бескарыслівых Янука і Марты, што ажаніліся, нягледзячы на пагрозу помсты закаханага ў Марту жорсткага Магната, Бан-Жвірба зрабіў немагчымае і выратаваў маладых.
“Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі – шэлег табе цана” нагадвае нам Уладзімір Караткевіч вуснамі Бана-Жвірбы аб сапраўдным прызначэнні не толькі творцы, але і кожнага чалавека.

Дэкамерон

Імправізацыя на тэмы Дж.Бакачча, для дарослых 1:15

Да артыстаў прыходзіць Аўтар. І проста на вачах у гледачоў нараджаецца спектакль, насычаны песнямі, танцамі і жартамі. На карнавальнай гарадской плошчы карагодзіць персанажаў Каханне — у кожнага сваё, непаўторнае і непараўнальнае. Над пытаннем, якім яно можа быць, і як павінен паводзіць сябе чалавек, каб заслужыць сапраўднае пачуццё, прапануецца паразважаць гледачам. А заадно і добра адпачыць, цешачыся жыццясцвярджальным гумарам знакамітага фларэнтыйца эпохі Адраджэння.
Лётаюць у нябёсах юная Беатрычэ і паэт Джавані, хаваюцца ад старонняга вока грэшныя Нінетта і Ларэнца, выпівае з гора раўнівец Гвіда. Кожны шукае ў жыцці асалоду. Аўтар не адмаўляе ў гэтай асалодзе нават Манаху-інквізітару і юрлівай Суседцы. А гледачы лішні раз пераконваюцца, што чалавечыя ўяўленні пра шчасце за сем з паловаю стагоддзяў практычна не змяніліся.

Нататкі вар'ята

Вар'яцкая фантасмагорыя паводле аповесці М.В.Гогаля, для дарослых 1:30

Дзеянне спектакля пабудаванае на аснове ўспамінаў з дзённікавых нататак. Яны – споведзь, яны – спалучэнне рэальнага і ілюзорнага, яны прыадчыняюць нам свядомасць галоўнага героя, яго думкі і патаемныя жаданні.
Аксенцій Іванавіч Папрышчын – тытулярны саветнік, дробны чыноўнік, які ніколі ўжо не атрымае павышэння. Абражаны і прыніжаны, ён загнаны ў кут cцен безвыходнасці. Папрышчын імкнецца адстаяць сваю годнасць, аднак у хворым грамадстве пануюць іншыя каштоўнасці: без “фанцікаў”, умоўнасцей грамадства – дваранскага тытула альбо вайсковага звання – ён не можа атрымаць ні вартай працы, ні ажаніцца з той, каго патаемна кахае, з Сафі, дачкой дырэктара дэпартамента. Ён горка пакутуе аб тым, што грамадства так прагне заможнасці, якой у яго няма. Папрышчын, даведзены, гатовы на крайнія меры і парывае з усім мінулым жыццём. Па меры таго, як ён губляе розум, адбываецца прасвятленне, і ён пачынае адчуваць сябе Чалавекам.
Разнастайныя дэталі ў спектаклі нагадваюць нам пра тое, што гэтая гісторыя можа здарыцца ў любы час, у любой краіне і з любым чалавекам.

Спакуса, або Чорны манах

для дарослых 1:15

П’еса паводле апавядання Антона Паўлавіча Чэхава “Чорны манах”. Галоўны герой, Андрэй Коўрын, малады таленавіты вучоны, захапляецца цікавай гісторыяй пра манаха, што бясконца вандруе скрозь час і прастору, і нечакана сустракаецца з героем гэтага падання. Коўрын яшчэ не ведае, па якім шляху скіруецца ягонае жыццё ў выніку сяброўских кантактаў з новым знаёмым…
Гледачы змогуць паназіраць за развіццём адвечнага сюжэту пра спакусніка, што схаваўся ў райскім садзе спакою і самазадаволенасці, і назаўжды перамяніў лёс не толькі самога спакушанага, але і ўсіх, хто знітаваны з ім повяззю любові.

Брэменскія музыкі

В.Ліванаў, Ю.Энцін, для дзяцей ад 5 год 1:15

Усе прысутныя ў зале запрашаюцца на цыркавое прадстаўленне! Сабака там круціць трайное сальта, Асёл жангліруе вялізнай гірай, Певень танцуе на дроце. І, канечне, сенсацыя праграмы – Чорны Кот, які паказвае свае дзівосныя фокусы. А калі прыгледзіцца да выканаўцаў больш пільна, то не пазнае іх хіба самы недасведчаны. Перад вамі – знакамітыя Брэменскія музыкі. Іх незвычайныя прыгоды пачнуцца пасля цудоўнага цыркавога прадстаўлення. І будзе ў гэтых прыгодах усё: вялікае каханне Трубадура ды Прынцэсы, змаганне са страшнымі ляснымі Разбойнікамі, хітрыкі Караля, шчырыя намаганні геніяльнага Сышчыка. І, канечне, вялікае шчасце, да якога дабяруцца героі ў фінале спектакля.

Жыў-быў Заяц

Мікалай Шувалаў, для дзяцей ад 5 год 1:15

Была ў Лісіцы хатка ледзяная, а ў Зайца лубяная. Вясной ледзяная растала, і рыжая шкодніца выгнала вушастага з пабудаванага ім жытла. Ну а потым з'явіўся смелы Певень і ўзнавіў справядлівасць... Усе ведаюць гэтую немудрагелістую казку для самых маленькіх, але тыя, хто прыйшоў на спектакль, змогуць пабачыць яе зусім па-новаму. Гэтую гісторыю гледачам распавядаюць артысты з непадобнымі характарамі: разважлівы Міхаіл Іванавіч і мітуслівая Муся. Яны то весела жартуюць, то ўсур'ёз перашкаджаюць адно аднаму, то звяртаюцца па дапамогу да юных гледачоў.
Яркія лялькі і арыгінальныя касцюмы выканаўцаў спалучаюцца з мультымедыйным экранам, дзе раптам «ажываюць» персанажы спектакля.

Дзед і Жораў

В Вольскi, для дзяцей ад 6 год 1:20

На поле старога селяніна стаў прылятаць Жораў і таптаць гарох. Дзед злавіў птушку, але не пакараў, бо пашкадаваў яе. Так пачалося іх незвычайнае сяброўства. За сваю дабрыню дзед быў шчодра ўзнагароджаны спагадай незвычайнага Жорава і падарункамі, якія зрабілі шчаслівым не толькі старога, але і ўсіх вяскоўцаў.

Сонейка і снежныя чалавечкі

А.Весялоў, для дзяцей ад 3 год 0:45

Гэтая гісторыя пра двух маленькіх снегавікоў. Іх зляпілі ў заснежаным парку маладыя людзі. Снегавікі былі прыгожымі, абаяльнымі, быццам жывымі і раптам, — вось цуд! — насамрэч ажылі! І адправіліся ў госці да сонейка, папрасіць, каб яно не прыходзіла, дало маленькім снежным чалавечкам трохі пажыць. Але па дарозе да сонейка снегавікам увесь час сустракаліся лясныя звяры. Адзін замарозіў лапкі, другі — галадаў, трэці ніяк не мог заснуць ад холаду. І снежныя чалавечкі зразумелі, што далёка не ўсё баяцца сонейка. Яго чакаюць, яго любяць. І спагада да лясных жыхароў перамагла, яна стала мацней, чым страх растаць. Снегавікі паклікалі сонейка. Яно сагрэла лес, але растапіла маленькіх і слабых, але вельмі добрых снежных чалавечкаў. З праталіны выраслі дзве пяшчотныя пралескі, а калі іх пялёсткі адкрыліся, адтуль выпырхнулі маленькія анёлкі, так падобныя на снегавікоў...

Марозка

М.Шурынава, для дзяцей ад 3 год 1:20

Добры, але бесхарактарны дзед, злая мачаха, гультайка Паша і працаўніца Даша, справядлівы Марозка... Каму незнаёмыя гэтыя героі? Знаёмства з імі адбываецца яшчэ ў раннім дзяцінстве, бо казка з падобным сюжэтам прысутнічае ў фальклорнай традыцыі многіх народаў. У славянскай інтэрпрэтацыі «Лялькі» казка перапоўнена цудоўнай атмасферай дабрыні. У спектаклі не знаходзіцца месца жорсткасці і злосці. Нават Марозка, насуперак іншым літаратурным адпаведнікам твора, не карае Пашачку ніяк, акрамя таго, што не дае ўбораў «як у Дашкі». Аднак гледачу становіцца відавочным, што дзяўчынка пакарала сябе сама. Таксама, як і яе маці, што ўзрасціла дачушку ганарлівай і капрызнай. У спектаклі пануе атмасфера не зларадства, а лёгкага жалю да яе, няўмелай, непрыстасаванай да жыцця, а таму вельмі няшчаснай.

Піліпка і ведзьма

С.Кавалёў, для дзяцей ад 5 год 1:20

Пачынаецца казка вельмі проста і традыцыйна для народнага твора. Жылі-былі дзед і баба і не было ў іх дзяцей. Даведзены да адчаю дзед выразае драўлянага «сынка» і — о дзіва! — той ажывае. Вось тут і з’яўляецца Ведзьма, якая хоча перашкодзіць агульнаму шчасцю.
На сцэне тэатра казка ператвараецца ў вясёлы жарт. Тут і Ведзьма зусім не страшная. Проста ёй хочацца такой здавацца. І Піліпку ніякая сур’ёзная небяспека не пагражае. Ды наогул, гэтае здарэнне не адбылося на самой справе. Яго разыгралі тата і мама для свайго маленькага сынка, каб навучыць яго не баяцца цяжкасцей і жахаў. А хто выйшаў пераможцам з гэтай незвычайнай і напружанай гісторыі? Канечне, Піліпка. Хіба ж бывае іначай у добрых дзіцячых фантазіях, у вясёлых гульнях і ў найлепшых казках.

Касмічная казка

Херманіс Паукш. Для дзяцей ад 5 год 0:45

Як часта мы марым аб чымсьці далёкім і недасягальным. А самае лепшае аказваецца вось тут, побач. Мы проста не можам (або не хочам) заўважаць гэта.
Маленькае барсучаня Цік-Так аднойчы пачула голас з далёкай планеты. І, не раздумваючы доўга, паляцела на касмалёце ў далёкі небакрай, пакінуўшы сумаваць свайго сябра Цік-Ціка аднаго.

Вясёлы Дарафей

Ніна Гернэт, для дзяцей ад 3-х гадоў 0:50

На ўзлеску, прыгожым, як узорыстая выцінанка, дзяўчынка Алёнка пасвіць сімпатычнае гусяня — вясёлага Дарафея. Толькі пасвіць не дужа ўважліва. Так што зручным момантам карыстаецца хітрая Лісіца. А далей ужо клопату хопіць усім: і Алёнцы, і Вожыку, і гледачам…
Адметнасць пастаноўкі ў тым, што дзеці робяцца актыўнымі ўдзельнікамі прыгод, якія адбываюцца на сцэне і ў глядзельнай зале. Займальная гульня неўпрыкмет вядзе да думкі: калі бярэшся штосьці рабіць — рабі як след, нават калі справа падаецца зусім простай.

Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі

Шарль Пяро, для дзяцей ад 5 год 1:15

Ці зможа Папялушка ператварыцца ў Прынцэсу? Вядома, калі будзе працавітай, шчырай, добрай і паслухмянай. Ну і калі хросная-Фея своечасова выправіць яе на баль, папярэдне зрабіўшы карэту з гарбуза, а коней — з шэрых мышак...
Несмяротную гісторыю, у якой дабро заўжды атрымлівае заслужаную перамогу над злом, а сапраўднае каханне — над бруднымі інтрыгамі, артысты распавядаюць па-сяброўску даверліва і пранікнёна. Дэкарацыі, прыгожыя лялькі і касцюмы апавядальнікаў адсылаюць гледача да барочнай эпохі прыдворнага тэатра Людовіка ХІV, а дынамічнае развіццё падзей і шматлікія чароўныя пераўтварэнні здатныя трымаць увагу дзяцей і дарослых аж да самага шчаслівага фіналу.

Ладдзя Роспачы

Ул.Караткевіч, для дарослых 2:00

Даволі нязвыклым, на першы погляд нечаканым бачыцца прачытанне аповесці рэжысёрам Віктарам Клімчуком.
Спектакль разыгрываецца ў жанры філасофскай прыпавесці з элементамі балагану. Балаган паўстае перад вачыма гледачоў адразу як толькі адчыняецца заслона. Людзі ў недарэчных уборах, з чаркамі гарэлкі ў руках бунтуюць сярэдневечнае наваколле, адкрыта чынячы блуд і грэх. На чале балаганнай кампаніі – Выліваха. Ад убогіх сяброў ён адрозніваецца адразу: уважлівы глядач бачыць німб над галавой героя. Ды і ва ўсіх дзівацтвах угадваецца светлая душа, хай пакуль схаваная ад здзекаў Жыцця пад маску.
Кантрастам балагану паўстае царства мёртвых: пераварочваецца дагары купалам царква, зялёная трава ператвараецца ў шэра-чырвоныя хвалі мора смерці, ярка прыбраных лялек на патычках замяняюць разныя марыянеткі. І ўжо другі, сапраўдны Выліваха, пазбаўлены балаганных крылаў і маскі гуляе з самой Смерцю. І нібыта найвышэйшыя сілы спасылаюць на яго прасвятленне, даючы магчымасць выйграць і вярнуцца на зямлю для новага, не балаганнага, а сапраўднага жыцця.
Гімнам Жыццю і Каханню гучыць фінал спектакля, у якім да Бога роднай зямлі звяртаюцца нават убогія нямыя.

Дзядзька Ваня і сястры тры

Дыялогі, для дарослых 1:15

Бялоў Уладзімір Сяргеевіч – акцёр правінцыйнага тэатра. Ён прыйшоў у грымёрку, ён толькі што са сцэны, яшчэ ўвесь у ролі. Не можа даклікацца апранальшчыц, пачынае сам здымаць касцюм. І застаецца сам-насам, са сваімі думкамі пра жыццё і прафесію. Тут, у сваім маленечкім свеце, пакуль ніхто не бачыць і не чуе, Воўка можа даць волю пачуццям, адкрыць сваю душу, выказаць свой боль незадаволенасцю жыццём, неўладкаванасцю ў ім.
Бялоў выцягвае з пяску памяці сваё жыццё: маленства, каханне, праца… Ягоны час па кроплі сыходзіць, а чамадан няспраўджаных надзей ужо перапоўнены. Але Бялоў ведае, што на многае яшчэ здольны, можа сыграць і Хлестакова, і Гамлета, і нават Шцірліца. І, мабыць, ён возьме свой чамадан і пойдзе далей.
Жыццё – гэта тэатр няспраўджаных надзей. Кожны чалавек спадзяецца ў сваім жыцці атрымаць вялікую ролю, але лёс распараджаецца па-іншаму. “Дзядзька Ваня і сястры тры” – спектакль, адрасаваны ўсім людзям. Гэта «лебядзіная песня» не толькі прафесіі, але і чалавека. Чалавека нерэалізаванага, жыццё якога незаўважна для яго самога праходзіць дарма.

Хлопчык-Зорка

А.Уайльд, для дзяцей ад 7 год 1:20

Вяртаючыся дамоў зімовай ноччу, дрывасек і яго сусед знайшлі ў лесе маленькага хлопчыка, загорнутага ў плашч, расшыты залатымі зоркамі. Дрывасек пашкадаваў дзіця і забраў у сваю сям’ю. Хлопчык вырас таленавітым, разумным і прыгожым. Але сэрца яго перапаўняла ганарлівасць. Там не было месца дабрыні і спачуванню. Казка для дарослых «Хлопчык-Зорка» (менавіта так вызначыў жанр свайго твора пісьменнік) даўно стала найлепшым матэрыялам для размовы аб адвечных ісцінах не толькі з дарослымі, але і з малымі.
Усе мы крочым па дарозе жыцця. Дарога гэтая бывае рознай: і цяжкой, і лёгкай, і прыемнай, і невыноснай. Мы ідзем, часам абражаем іншых, у паўсядзённай мітусні не заўважаючы свайго граху. І толькі калі маральнае выродства становіцца відавочным выродствам знешнім прыходзіць жаданне азірнуцца. Мы з усяе сілы спрабуем выправіць памылкі, вярнуць часам незваротнае, адрадзіць прыгажосць сваёй душы. Але часам гэта бывае так позна... Нават у фінале казкі незразумела, сустрэўся Хлопчык–Зорка з мамай і атрымаў дараванне на зямлі, або ўжо ў лепшым свеце... Гэтая недасказанасць прымушае думаць і разважаць. Яна пакідае моцнае ўражанне і дзякуючы ёй пастаноўка сягае далёка за межы вызначэння ў якасці дзіцячага.

Прынцэса і Свінапас

Ханс Крысціян Андэрсэн. Для дзяцей ад 7 год 1:15

У небагатым прыгожым каралеўстве жыве малады Прынц. Для поўнага шчасця яму не хапае толькі каханай жонкі. Многія прынцэсы не адмовіліся б ад такой долі, ды яму патрэбна ўсяго адна — дачка самога Імператара. Прынц нясе прыгажуні самае дарагое — чароўную Ружу і Салаўя. Але Прынцэса прывыкла да іншых падарункаў…
Ці зможа каханне паяднаць людзей, што не разумеюць адно аднаго? І ці захавае Прынц сваё каханне і чысціню думак, калі пераўвасобіцца ў Свінапаса? Чароўная казка Ханса Крысціяна Андэрсэна шмат у каго выклікае і ўсмешку, і смутак. Бо сённяшнім юнакам і дзяўчатам не прасцей разабрацца ў сапраўдных і несапраўдных рэчах ды пачуццях, чым казачным героям.

Воўк і раз, два, тры...

Н.Мацяш, для дзяцей ад 3 год 1:20

З першага погляду цяжка здагадацца, якая вядомая казка стала асновай для гэтага спектакля. Але давайце ўзгадаем, у якім творы ўдзельнічаў Воўк і тры вясёлыя, бесклапотныя персанажы? Кім былі гэтыя браты? Ну, канечне, парсючкамі! А паўстае гэтая гісторыя перад гледачом у апавяданні артыстаў кабарэ. Што такое кабарэ? Гэта месца, дзе нарадзіўся жанр эстрады.
Уяўленне малых і дарослых хвалююць першыя акорды яркіх мелодый. Заслона адчыняецца і вось яно – сапраўднае кабарэ. Расквечаная лямпачкамі дэкарацыя, запамінальныя касцюмы артыстаў (якія, дарэчы, у час спектакля будуць неаднойчы зменены) і, канечне, казка са сваёй вялікай мудрасцю і мараллю.

Сунічкі для Веліканачкі

Мікалай Шувалаў. Для дзяцей ад 4-5 год 0:50

Велікан шукае чароўныя ягады, каб уратаваць хворую дачушку. Але палянка з лекавымі суніцамі належыць Гному, які не збіраецца дзяліцца імі задарма... Забраць іх сілай? Ці трымаць слова гонару, нават калі татава сумленнасць можа загубіць Веліканачку?
Спектакль вучыць заўважаць чужую бяду і падтрымліваць таго, каму патрэбна дапамога.

Ямелева шчасце

Л.Тарахоўская, для дзяцей ад 4 год 1:15

У гэтай пастаноўцы арганічна перапляліся сюжэты чатырох рускіх народных казак: ”Ямеля”, “Па шчупаковаму казанню”, “Царэўна Несмяяна”, “Танцавальны гармонік”. Спектакль насычаны трапнымі жартамі, ухваляе такія якасці, як дабрыня, чалавечнасць, кемлівасць.
Аднойчы звычайнаму сялянскаму хлопцу Ямелі вельмі пашчасціла: шчупак адкрыў яму, узамен за выратаванае жыццё, чароўныя словы, з дапамогай якіх любое жаданне Ямелі ажыццяўлялася. Ці можа такі падарунак лёсу зрабіць шчаслівым чалавека, уладкаваць яго жыццё і жыццё яго блізкіх? А дапамагчы супрацьстаяць сіле ўладароў гэтага свету? Знайсці сяброў і каханую? На ўсе гэтыя пытанні гледачы пашукаюць адказ разам з артыстамі.

Кветачка-вясёлка

В.Катаеў, для дзяцей ад 6 год 1:20

У невялікім горадзе, у самым звычайным двары жыла звычайная дзяўчынка Жэня. І вось аднойчы ў яе з’явілася магчымасць ажыццявіць свае самыя запаведныя жаданні. Пазналі казку? Твор Валянціна Катаева «Кветачка-вясёлка» добра знаёмы сучаснай дзятве. Нават нягледзячы на тое, што гэта – казка дзяцінства іхніх бацькоў. Гісторыя дзяўчынкі Жэні не згубілася сярод сучасных навамодных герояў. І не толькі дзякуючы прыгожым мультыплікацыйным версіям твора. Але найперш з-за вялікай жыццёвай мудрасці казкі.
Гісторыя пра Жэню ў тэатры «Лялька» – гэта вясёлая гульня ў двары. У такім двары, дзе няма бруду і непарадку, хуліганства і нявыхаванасці. Але затое ёсць мноства песень, прыгожыя танцы, цікавыя забавы. І няхай сабе знешне персанажы спектакля адрозніваюцца ад сучасных дзяцей: наўрад ці сённяшняя дзятва, апрануўшы шапку з зорачкай, будзе ў захапленні гуляць у Папанінцаў, або ледзь не да слёз спрачацца, што мець лепш – калясачку ці сумку. Спачуваюць і вучацца дабрыні яны ва ўсе часы аднолькава. І сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, канечне ж, таксама фантазіруюць і разважаюць, перажываюць за герояў разам з артыстамі. І гэтыя фантазіі, безумоўна, нараджаюць думкі і высновы, дзякуючы якім маленькія фантазёры ператвараюцца з сапраўдных асоб.

Чорная курыца, або Падземныя жыхары

А. Пагарэльскі, для дзяцей ад 7 год 1:20

Дзеянне казкі пераносіць гледача ў пачатак 19 стагоддзя. Менавіта ў той час жыў знакаміты дзяржаўны дзеяч Аляксей Пяроўскі. Зрабіўшы неблагую кар’еру ў царскай Расіі, ён сышоў з памяці нашчадкаў. І наўрад ці хто сёння ўзгадае, што Пяроўскі – сапраўднае імя вядомага пісьменніка Антонія Пагарэльскага. Вядомага дзякуючы менавіта казцы «Чорная курыца, або Падземныя жыхары». Сам Пяроўскі не надаваў вялікага значэння гэтаму твору. Ён напісаў яго для свайго пляменніка Алёшы, выхаванню якога аддаваў шмат часу. Алёша вырас і стаў вядомым пісьменнікам Аляксеем Талстым. І нельга недаацэньваць ролю Пяроўскага ў станаўленні ягонай асобы.
Спектакль «Чорная курыца, або Падземныя жыхары» ажывае на сцэне тэатра «Лялька» ужо ў другі раз. Новая рэдакцыя таямнічай і загадкавай гісторыі пра хлопчыка Алёшу, які здрадзіў сваім сябрам і сабе праз невымерную ганарлівасць, пераносіць гледача ў Санкт-Пецярбург 19 стагоддзя. Спектакль прасякнуты атмасферай загадкавасці. А падзеі казкі падаюцца двухсэнсоўнымі: ці гасцяваў Алёша ў падземным каралеўстве? А, можа, таямнічыя жыхары толькі прысніліся ўражліваму і мройліваму хлопчыку? Адно застаецца цалкам зразумелым: маленькі герой, навучаны горкім жыццёвым вопытам, цяпер ужо назаўжды адрыне гонар і стане такім, якім ён быў да выпрабавання славай і танным поспехам.

Дапытлівы слонік

Р.Кіплінг, для дзяцей ад 4 год 1:15

Памятаеце казку пра маленькага слоніка, якому кракадзіл выцягнуў нос у самы сапраўдны хобат? А хочаце разам з англійскімі падарожнікамі выправіцца ў Афрыку і на свае вочы пабачыць, як адбылася гэта гісторыя? Тады – у дарогу!
Вясёлае падарожжа з англічанамі ператвараецца ў своеасаблівы дзіцячы мюзікл. Кожны герой спявае сваю песню, а артысты на сцэне лёгка і грацыёзна яму падтанцоўваюць. Сцэны боек таксама вырашаны як танцы. Таму і не здаюцца страшнымі або жорсткімі. Нават кракадзіл не выглядае занадта страшным. Ён, хутчэй, камічны персанаж.
Беларускі «Дысней» – так назвалі спектакль у адной з замежных вандровак — пакарыў сэрцы дзятвы і дарослых не толькі на Радзіме, але і ў Германіі, Польшчы, Расіі. А галоўныя прычыны яго непраходзячай папулярнасці – высокая эстэтыка, культура падачы матэрыялу і, вядома, весялосць і жыццярадаснасць.

Горад клоўна Піка

Міхаіл Барценеў, для дзяцей ад 5 год 0:50

Цырк згарэў. Што засталося ў клоўна Піка? Талент і фантазія. Значыць, адшукаюцца і сябры-аднадумцы, і сродкі, і сілы, каб пабудаваць не проста новы цырк, а цэлы горад. Горад, дзе кожны знойдзе любімую справу, пераадолее свае заганы з няўдачамі і зробіцца шчаслівым.
Яркі і вясёлы, як належыць выразанцы з каляровага кардону, горад вырасце на вачах гледачоў сярод пустой чорнай сцэны. У ім паселяцца ініцыятыўная кабылка Го, непасрэдная капрызлівая Рына, яе строгая мама, а таксама шматлікія гараджане, створаныя няўрымслівым артыстам пры дапамозе чароўных нажніц. Потым у горад клоўна Піка пацягнуцца тыя, хто не адшукаў гармоніі і прызнання ў іншых месцах. Бо творчасць — працэс надзвычай карысны і займальны.

Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам

для дзяцей ад 5-7 гадоў 1:15

Вы ніколі не гасцявалі ў дзядулі Пэтсана? Завітайце — не пашкадуеце. Дзядуля — вынаходнік, а значыць — чараўнік. Абаранкі да ранішняй кавы ён не набывае ў сумнай краме, а гатуе з дапамогай вясёлага канвеера. Балбатлівыя куры нясуць для яго смачныя і карысныя яйкі, а вольны час прысвячаецца працы над Галоўным вынаходніцтвам.
Дзеля чаго хтосьці падкінуў на панадворак скрынку з-пад зялёнага гарошку? Вядома, для таго, каб жыццё ў незвычайным доме пайшло яшчэ цікавей. Каб усё заскакала і закруцілася, каб у дзядулі Пэтсана не засталося ніводнае спакойнай хвіліны. І для таго, каб атрымалі задавальненне гледачы ў зале і мюклы на гарышчы. Вы дагэтуль не ведаеце, хто такія мюклы? Прыходзьце на спектакль, знаёмцеся і радуйцеся разам з імі шчасліваму фіналу няпростай гісторыі.

Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка

Я.Баршчэўскi, для дарослых 1:15

У аснове спектакля адзін з сюжэтаў кнігі «Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях» класіка беларускай літаратуры XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага.
Для гледача яго разыгрываюць навучэнцы Полацкага езуіцкага калегіума, элітнай навучальнай установы, дзе ў свой час вучыўся сам пісьменнік.
Па правілах езуіцкага тэатра ў прадстаўленні ўдзельнічаюць выключна мужчыны. Выконваючы ролі, яны ўносяць у дыдактычны сюжэт легенды тонкія, цікавыя жарты. А павучальны змест і трагічны фінал п’есы, прапушчаныя праз прызму гумару, набываюць незвычайную лёгкасць.

Жураўлінае пяро

Дз. Кінасіта, для дарослых і падлеткаў ад 12 год 1:20

«Жураўлінае пяро» – п’еса, напісаная прагрэсіўным японскім драматургам паводле японскага фальклору апавядае гледачу “зімовую казку”. Яна нарадзілася ў далёкія часы ў горных паселішчах Японіі. Яе расказвалі доўгімі зімовымі вечарамі, калі ў кожнай хаціне пад занесенай снегам страхой чуўся шум ткацкага станка.
Бедны селянін Сато ажаніўся з мілай дзяўчынай Ацумі, якая была да таго ж яшчэ і цудоўнай ткачыхай. Незвычайнае палатно прыносіла вялікія грошы, якія асляпілі Сато, за якія ён прадае каханую, а тая, ператварыўшыся ў жорава, пакідае дом мужа.

Чароўная зброя Кэндзо

М.Супоніна, для дзяцей ад 7 год 1:15

Кранальная гісторыя кахання Юкіко і Кэндзо ўвабрала ў сябе сюжэты самых мудрых і цікавых казак Японіі. Як і ў японскім фальклоры кожная дробязь тут уяўляецца сімвалічнай і значнай, нясе ў сабе сэнс і вядзе гледача да вялікай Ісціны.
Маладая пара Юкіко і Кэндзо недаацэньвалі тое лепшае, што мелі: маладосць, каханне, згоду. Каб дапамагчы зразумець, якім багаццем яны валодалі, лёс праводзіць сямью праз цяжкія выпрабаванні старасцю, нямогласцю, страхам. Але Юкіко і Кэндзо захоўваюць у сваім сэрцы самае галоўнае – любоў і дабрыню. І таму ім даруецца яшчэ адзін шанец быць па-сапраўднаму шчаслівымі.
На сцэне ствараецца атмасфера сапраўднага лялечнага тэатра Японіі. Казку расказвае Гідаю, па-майстэрску пераўвасабляючыся ў кожнага з герояў. Вось, узяўшы веер, ён становіцца жанчынай, вось загаварыў значна і з гонарам Марскі Дракон, а праз хвіліну Гідаю ўжо крычыць страшным голасам Ведзьмы — Ліхтара... Дапамагае расставіць у казцы патрэбныя акцэнты Музыка. Музычны інструмент, зроблены з бамбука і разнастайных званочкаў то трывожна завывае, як вецер у коміне, то мілагучным звонам вітае Юкіко, то стукае гулка і напружана, бы сэрца ў грудзях. А ў фінале казкі маленькія літаўры нягучным звонам вітаюць перамогу дабрыні і любові, абвяшчаючы час вялікага шчасця для ўсіх добрых людзей.

Тук-тук! Хто там?

Спектакль-музычная рэпетыцыя, для дзяцей ад 5 год 1:15

У спектаклі “Тук-тук! Хто там?” маленькія гледачы сустрэнуцца з даўно вядомымі героямі казкі “Воўк і сямёра казлянят”: Казой, казлянятамі і Ваўком. Аднак гэты жартаўлівы спектакль моцна адрозніваецца ад той казкі, якую дзеці ўжо ведаюць. У ёй замест семярых у мамы-Казы будзе толькі трое казлянят, а таксама з’явяцца новыя персанажы – Мядзведзь і Мастак-чараўнік. Дый на сцэне будзе панаваць атмасфера заблытанасці і імправізацыі, бо з-за чыйсьці неаханасці адбылася памылка і артысты сабраліся на рэпетыцыю, а не на спектакль. І толькі дзякуючы згуртаванасці, артыстам і героям казкі атрымаецца выправіць усе памылкі.
“Тук-тук! Хто там?” – яркі лёгкі вясёлы спектакль, які здзіўляе з першай хвіліны прагляду. У тым ліку і песнямі пад жывую музыку: артысты прама на сцэне будуць іграць на акардэоне, сінтэзатары, акустычнай і бас-гітары.

Асцярожна, Соня!

А.Усачоў, для дзяцей ад 3 год 0:50

Гэтая гісторыя пра маленькае шчанятка Соню. Соня вельмі разумная і паслухмяная. Аднойчы яе гаспадар Іван Іванавіч сышоў на працу, а Соню пакінуў у хаце за гаспадыню. Вось тут і пачаліся сапраўдныя прыгоды. Соні ўсё цікава: чаму кактус калючы, які ток жыве ў разетцы, чаму ў кране няма рыбак, калі вада цячэ з ракі? Хто ведае, куды б Соню прывяла цікаўнасць, калі бы ў зале не было дзяцей. Менавіта яны — галоўныя памагатыя Івана Іванавіча — перасцерагаюць Соню і вучаць яе правілам бяспечных паводзін.

Бука

М.Супонін, для дзяцей ад 3 год 1:15

Маленькі Зайка раскапрызіўся, не жадае ні з кім сябраваць, не жадае размаўляць. Усе лялькі з тэатра ўцяклі праз яго! Што рабіць артыстам? Як не сарваць спектакль? Бо дзеці ўжо ў зале і з нецярпеннем чакаюць пачатку. Вядома жа гуляць! Каб падчас вясёлай, павучальнай, часам нават страшнаватай гульні, Бука зразумеў, што сябры — найважнейшае, што ёсць у кожнага. Іх трэба берагчы і нельга крыўдзіць.

Аладзін

Н.Гернет, для дзяцей ад 6 год 1:15

Старонкі чароўнай казкі разгортвае для вас таямнічы Усход. Шумлівы кірмаш пад пякучым паўдзённым сонцам змяняецца на ціхую засень у садзе султана, зберагаемую маўклівымі ахоўнікамі. Падземная вязніца з тоўстымі кратамі — на сляпучы бляск каштоўнасцяў. Злыя героі — хцівыя, жорсткія, вынаходлівыя ў сваёй падступнасці. Добрыя — прыгожыя, вясёлыя і яшчэ больш вынаходлівыя. Гучаць незразумелыя словы магічных заклёнаў, і здзяйсняюцца цуды: іскрыцца агонь, расступаюцца горы, будуюцца і пераносяцца з месца на месца палацы з залатымі калонамі. Аддайцеся варажбе ўсходняй казкі — і яна змусіць вас паверыць у магутнасць маленькага чалавека, што кіруе агромністым Джынам, хоць не дастае таму нават да каленяў.
Ад гарадскіх сцен нібы патыхае водарам халвы і іншых салодкіх прысмакаў. Кожная лялька мае свой непаўторны характар, нават вослік з рыбаю, што пацешна перабірае нагамі, неахвотна ступаючы за гаспадаром. А па-над казачным Халіданам, нібы зоркі за празрыстымі аблачынкамі, успыхваюць і мігцяць дробныя зеленаватыя агеньчыкі, адлюстроўваючыся ў вачах зачараваных гледачоў.

Яшчэ раз пра Чырвоную шапачку

С.Яфрэмаў, С.Коган, для дзяцей ад 3 год 1:15

Ужо сама назва спектакля сведчыць пра тое, што сюжэт яго будзе адрознівацца ад традыцыйнага, напісанага французскім казачнікам. Кажуць, Шарль Перо пісаў свой твор у той час, калі ў Францыі сапраўды існаваў небяспечны і жахлівы Воўк — людаед. Казка са шчаслівым фіналам павінна была супакоіць дзяцей, пазбавіць іх страху.
А ў тэатры «Лялька» гісторыю пра дзяўчынку і Ваўка распавядаюць лялечнікі – людзі вясёлыя і лагодныя. І вырашаюць яны ўсё зрабіць па-свойму. Для пачатку пазбавіцца ад Ваўка – галоўнага парушальніка спакою. Аднак Воўк аказваецца не такім прасцячком. Вось праз гэта і пайшла казка кубарам. І на сцэне, і ў зале пануе вясёлая мітусня. І ўсе гледачы да апошняга ўдзельнічаюць у выратаванні гераінь. Весялосць, непрадказальнасць сюжэту, маляўнічыя лялькі — марыянеткі робяць спектакль адным з найпапулярнейшых у гледачоў «Лялькі».

Церам-церамок

С.Маршак, для дзяцей ад 3 год 0:45

Упершыню на сцэне тэатра «Лялька» героі любімай многімі казкі пра церамок загаварылі і заспявалі на беларускай мове.
Сама п’еса нібы спецыяльна напісана для цікавага прадстаўлення у тэатры лялек з неабмежаванымі магчымасцямі і фантазіяй, уласцівай лялечным артыстам і рэжысёрам. Усё закладзенае ў п’есе ўмела скарыстана ў пастаноўцы. Пачынаецца яна прадстаўленнем герояў – жыхароў Церамка. Просценькая песенька «Гэта што за Церамок?» выконваецца кожным героем у ягоным характары, суправаджаецца характэрнай пластыкай і танцам.
Але самае цікавае, што ў гэтым спектаклі, у большай ступені, чым дзе-небудзь яшчэ, знайшлі ўвасабленне лялечныя фокусы. І дарослым, і маленькім вельмі цікава глядзець, як з дзяжы вырастае цеста і раптам... хапае за нос мышку — гаспадыню. Захапленне выклікаюць і кветкі, што распускаюцца проста на вачах гледачоў, шчодра палітыя руплівай Жабкай. Дробязі? Толькі ж менавіта з іх складаецца агульная карціна, якая літаральна захапляе не толькі самых маленькіх, для якіх, фактычна, і створана, але і бацькоў, якія з задавальненнем вяртаюцца ў свет свайго дзяцінства.

Адважныя браты

Г.Мацвеeў, Для дзяцей ад 5 год 1:20

Маленькі глядач разам з адважным Паляўнічым здзяйсняе цікавае падарожжа ў лес. Там жывуць Мядзведзь, Ліса, Рысь, Пугач, Вожыкі і маленькія Зайчаняты. Менавіта яны аднойчы вырашаюць стаць смелымі і нікога не баяцца. А артысты прапануюць дзецям паразважаць, хто ж можа быць смелым: той, хто мае страшныя кіпцюры ды зубы, або для гэтага патрэбна нешта іншае?
Дарослыя ў час спектакля таксама падарожнічаюць. Разам з дзецьмі ў лес, а яшчэ ў лялечны тэатр свайго дзяцінства. Кранальную, пяшчотную атмасферу тэатра 70-х стварае традыцыйная шырма і пашытыя з пушыстага футра лялькі, якія нагадваюць любімыя цацкі дзяцінства.