Віктар Клімчук

Мастацкі кіраўнік

Віктар Клімчук

Творчую дзейнасць у горадзе Віцебску Віктар Ігнатавіч Клімчук пачаў, выступіўшы адным з заснавальнікаў і першым рэжысёрам лялечнай трупы, створанай пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Рэжысёр вядзе граматную рэпертуарную палітыку тэатра. У афішы Беларускага тэатра «Лялька» больш за 25 спектакляў для гледача рознага ўзросту, а таксама для дарослых. Строга вытрымліваецца чарговасць пастановак у залежнасці ад патрэб горада. Асаблівае месца ў рэпертуарнай палітыцы мастацкага кіраўніка займае зварот да нацыянальнай драматургіі, які спрыяе развіццю нацыянальнага мастацтва, а таксама патрыятычнаму і маральнаму выхаванню гледача. Рэжысёра вельмі непакоіць адсутнасць ідэалаў у сучасным грамадстве. У спектаклях ён актыўна прапагандуе маральнасць і адвечныя каштоўнасці.

Спектаклі, пастаўленыя В.Клімчуком, неаднаразова прымалі ўдзел у айчынных і замежных лялечных фестывалях і станавіліся іх лаўрэатамі.

У 1996 годзе стаў лаўрэатам прэміі "Сузор'е муз" і атрымаў званне «Чалавек года» у намінацыі "Тэатральная творчасць" за вялікі ўклад у развіццё беларускага лялечнага мастацтва.

У 1998 годзе рэдакцыяй газеты "Культура" Віктару Клімчуку было прысвоена спецыяльнае званне "Рыцар тэатра" як самаму яркаму тэатральнаму дзеячу года.

У 1999 годзе было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".

Аб вялікім аўтарытэце Віктара Ігнатавіча Клімчука на міжнародным узроўні сведчаць неаднаразовыя запрашэнні да ўдзелу ў журы міжнародных фестываляў: член журы фестываля "Белая Вежа", г.Брэст, член журы фестываля ў Субоціцы (Югаславія), старшыня міжнароднага журы ў Субоціцы (Сербія і Чарнагорыя). Таксама ажыццяўляе селекцыйную работу па адборы спектакляў на міжнародныя фестывалі.

Вiктар Ігнатавіч Клiмчук. Эсэ

Ці ведаеце вы, што у нашым горадзе ёсць свой Карабас-Барабас? Безумоўна, аб прысутнасці стваральніка i натхніцеля тэатра лялек здагадацца няцяжка. Аднак нямногія ведаюць, што з'явіўся "Карабас" у Віцебску ў верасні 1985-га. Мастацкі кіраўнік "дарослага" тэатра імя Я.Коласа Валеры Мазынскі ды дырэктар Геральд Асвяцінскі надумалі распачаць выхаванне будучага "драмаўскага" гледача ледзь не з пялюшак, стварыўшы пры тэатры лялечную трупу. І гэта ўжо потым, праз 5 гадоў, адчуўшы уласную сілу i добра-такі акрыяўшы пад апекай акадэмічнага тэатра, лялечнікі выявілі характар i аддзяліліся, пакінуўшы імянітых бацькоў. А ў 85-м Віцебск меў толькі аднаго рупліўца на ніве старажытнага мастацтва тэатра лялек — Віктара Клімчука. Малавядомага яшчэ рэжысёра мала хто успрымаў усур'ёз. 3 вышыні свайго вопыту глядзелі на яго артысты драмы.

Мабыць, з-за таго, што Віцебск занадта доўга не ведаў, што такое прафесійны лялечны тэатр.

Гэта «непрыманне» малазразумелай дылетанту эстэтыкі адчуваецца i зараз. Ужо шырокавядомы ў горадзе, краіне i за межамі Віктар Клімчук з трывогай разважае, цi прымуць дарослыя гледачы ў тэатры лялек спектаклі, пастаўленыя выключна для ix. А напачатку такія думкі рэжысёра не турбавалі. Найвялікшай праблемай для Віктара Клімчука было дастукацца да сэрцаў маленькіх гледачоў. I гэта атрымалася як нельга лепш. Сёння для дзяцей "Ляль­ка" — ледзь не культавая ўстанова, куды можна хадзіць хоць кожны дзень, спектаклі ў якой можна глядзець па некалькі разоў. I як не надакучыць? Не надакучае таму, што рэжысёр Віктар Клімчук зразумеў адзін сакрэт, якім дзеліцца з задавальннем: тэатр для дзяцей павінен мяняцца увесь час. I справа не у тым, што звыклая эстэтыка прыядаецца маленькаму гледачу. Статычнасць, нязменнасць, на думку Клімчука, шкодзяць i самому творчаму калектыву. Этапы марыянетачнага i музычнага тэатра "Лялька" ўжo мінула. Чым здзівіць Клімчук далей? Глыбока псіхалагічнымі спектаклямі, якіх у рэпертуары ўжо нямала, альбо дзіўным сімбіёзам ycix лепшых знаходак у галіне эстэтыкі, што з'явіліся ў багажы рэжысёра за такія доўгія, ці, можа, такія кароткія гады?

Часта Клімчук узгадвае, як набіраў у трупу cвaix першых артыстаў. Толькі двое з ix мелі спецыяльную, лялечную, адукацыю. 3 астатніх ён сваімі рукамі «ляпіў» лялечнікаў, за матэрыял узяўшы выпускнікоў вучылішча мастацтваў. I вылепіў, стварыў. Зараз такой трупай, як у Віцебску, мог бы ганарыцца любы тэатр. Нельга не зайздросціць запалу, весялосці, працаздольнасці артыстаў «Лялькі», той вялікай станоўчай энергіі, якую выпраменьвае ўвесь калектыў.