Казкі пра казку

Сумесная творчасць Белых і Навальнічных нараджае цэлы шэраг неверагодных гісторый. Відовішчных, займальных і павучальных, як галоўная казка, героямі якой мы з’яўляемся. Як Жыццё.

Мой Надзейны Сябра: 101

Дарослыя, не пакідайце дзетак без нагляду! Дзеці, не гуляйце з агнём! Іначай… Карацей, атрымаецца, як у нашай гісторыі: аднойчы раніцай дзяўчынка Даша падманула бацькоў і не пайшла ў школу. І пачала вельмі-вельмі небяспечную гульню...

Фенька

Калі забываюцца дзіцячыя жаданні, а жыццё робіцца нецікавым — уратаваць можа толькі яна. Фенька. Неверагодная дзяўчынка, якая лёгка і спрытна стварае праблемы. Але падчас вырашэння гэтых праблем чалавек можа здзейсніць колішнюю мару і зрабіцца выдатным пісьменнікам.

Вясёлы Дарафей

На ўзлеску, прыгожым, як узорыстая выцінанка, дзяўчынка Алёнка пасвіць сімпатычнае гусяня — вясёлага Дарафея. Толькі пасвіць не дужа ўважліва. Так што зручным момантам карыстаецца хітрая Лісіца. А далей ужо клопату хопіць усім: і Алёнцы, і Вожыку, і гледачам…

Горад клоўна Піка

Цырк згарэў. Што засталося ў клоўна Піка? Талент і фантазія. Значыць, адшукаюцца і сябры-аднадумцы, і сродкі, і сілы, каб пабудаваць не проста новы цырк, а цэлы горад. Горад, дзе кожны знойдзе любімую справу, пераадолее свае заганы з няўдачамі і зробіцца шчаслівым.

Скарб

“У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі...” У краіне, створанай геніем Уладзіміра Караткевіча, хаваецца скарб, даражэйшы за золата. Змагаюцца за яго Анёл з Чортам, і ад зыходу гэтай барацьбы залежыць лёс не толькі Янкі-ды-Жонкі, а і ўсяго наваколля, па якім ходзяць Павадыр з дужым Мядзведзем.

Ямелева шчасце

У гэтай пастаноўцы арганічна перапляліся сюжэты чатырох рускіх народных казак: ”Ямеля”, “Па шчупаковаму казанню”, “Царэўна Несмяяна”, “Танцавальны гармонік”. Спектакль насычаны трапнымі жартамі, ухваляе такія якасці, як дабрыня, чалавечнасць, кемлівасць.

Спакуса

П’еса паводле аповесці Антона Паўлавіча Чэхава “Чорны манах”. Галоўны герой, Андрэй Коўрын, малады таленавіты вучоны, захапляецца цікавай гісторыяй пра манаха, што бясконца вандруе ў часе і прасторы, і нечакана сустракаецца з героем гэтага падання. Коўрын яшчэ не ведае, па якім шляху скіруецца ягонае жыццё ў выніку штодзённых кантактаў з новым знаёмым…

Шагал. Зыход

«Жыццё — гэта відавочны цуд!» (Марк Шагал) Унікальная варыяцыя на тэму жыцця і творчасці найвядомейшага з віцебскіх мастакоў. Сцверджанне права на ўласны ўнікальны шлях, яднанне зямнога з узвышаным, Любоў і Каханне.

Хлопчык-зорка

Вяртаючыся дамоў зімовай ноччу, дрывасек і яго сусед знайшлі ў лесе маленькага хлопчыка. Дрывасек пашкадаваў дзіця і забраў у сваю сям’ю. Хлопчык вырас таленавітым, разумным і прыгожым. Але сэрца яго перапоўніла ганарлівасць, не пакідаючы месца дабрыні і спачуванню.

Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі

Ці зможа Папялушка ператварыцца ў Прынцэсу? Вядома, калі будзе працавітай, шчырай, добрай і паслухмянай. Ну і калі хросная-Фея своечасова выправіць яе на баль, папярэдне зрабіўшы карэту з гарбуза, а коней — з шэрых мышак...

Нататкі вар’ята

Чаму ператвараецца ў трагедыю шэраговае існаванне непрыкметнага чыноўніка? З-за немагчымасці дасягнуць таго, што завецца жыццёвым поспехам? З-за безнадзейнага кахання да недасяжнай дзяўчыны? З-за прыродных асаблівасцяў характару?

Брэменскія музыкі

Запрашаем гледачоў на цыркавое прадстаўленне! Сабака круціць трайное сальта, Асёл жангліруе вялізнай гірай, Певень танцуе на дроце. А Чорны Кот паказвае свае дзівосныя фокусы. Перад вамі – знакамітыя Брэменскія музыкі.

Сунічкі для Веліканачкі

Велікан шукае чароўныя ягады, каб уратаваць хворую дачушку. Але палянка з лекавымі суніцамі належыць Гному, які не збіраецца дзяліцца імі задарма... Забраць іх сілай? Ці трымаць слова гонару, нават калі татава сумленнасць можа загубіць Веліканачку?

Жыў-быў Заяц

Была ў Лісіцы хатка ледзяная, а ў Зайца лубяная. Вясной ледзяная растала, і рыжая шкодніца выгнала вушастага з пабудаванага ім жытла. Ну а потым з'явіўся смелы Певень і ўзнавіў справядлівасць... Усе ведаюць гэтую немудрагелістую казку для самых маленькіх, але тыя, хто прыйшоў на спектакль, змогуць пабачыць яе зусім па-новаму.

Умка

Далёка-далёка на Поўначы ў вастраверхіх чумах жывуць людзі, якія па некалькі месяцаў не бачаць сонца. Доўгай зімовай ноччу яны распавядаюць адно аднаму сумныя і вясёлыя гісторыі.

Ладдзя Роспачы

Рэжысёр задаўся пытаннем, якое зазвычай застаецца па-за ўвагай: а што сталася прычынай такой ранняй — у трыццаць тры гады — сустрэчы Гервасія Вылівахі са Смерцю? Спектакль разыгрываецца ў жанры філасофскай прыпавесці з элементамі балагану. Гратэск выяўляе ненатуральнасць так званых сацыяльных роляў. Маскі хаваюць людзей ад здзекаў Жыцця.

Воўк і раз, два, тры…

У якім творы Воўк хацеў пажывіцца трымя вясёлымі персанажамі? Кім былі гэтыя браты? Ну, канечне, парсючкамі! А паўстае гэтая гісторыя перад гледачом у апавяданні артыстаў кабарэ. Што такое кабарэ? Гэта месца, дзе нарадзіўся жанр эстрады.

Дзядзька Ваня і сястры тры

Акцёр правінцыйнага тэатра Уладзімір Сяргеевіч Бялоў выцягвае з пяску памяці сваё жыццё: маленства, каханне, праца… Ягоны час па кроплі сыходзіць, а чамадан няспраўджаных надзей ужо перапоўнены. Але Бялоў ведае, што на многае яшчэ здольны, можа сыграць і Хлестакова, і Гамлета, і нават Шцірліца. І, мабыць, ён возьме свой чамадан і пойдзе далей.

Дзед і Жораў

На поле старога селяніна стаў прылятаць Жораў і таптаць гарох. Дзед злавіў птушку, але не пакараў, бо пашкадаваў яе. Так пачалося іх сяброўства. За сваю дабрыню дзед быў шчодра ўзнагароджаны спагадай незвычайнага Жорава і падарункамі, якія зрабілі шчаслівым не толькі старога, але і ўсіх вяскоўцаў. Але што рабіць са злымі людзьмі, сквапнымі да чужога?

Асцярожна, Соня!

Гэта вясёлая гісторыя пра маленькае шчанятка - Соню. Аднойчы яе гаспадар Іван Іванавіч сышоў на працу, а Соню пакінуў у хаце за гаспадыню. Вось тут і пачаліся сапраўдныя прыгоды. Соні ўсё цікава: чаму кактус калючы, які ток жыве ў разетцы, чаму ў кране няма рыбак, калі вада цячэ з ракі? Хто ведае, куды б Соню прывяла цікаўнасць, калі б ў зале не было дзяцей.

Жураўлінае пяро

«Жураўлінае пяро» – п’еса, створаная вядомым японскім драматургам паводле фальклорнай гісторыі, апавядае гледачу “зімовую казку”. Яна нарадзілася ў далёкія часы ў горных паселішчах Японіі. Яе расказвалі доўгімі зімовымі вечарамі, калі ў кожнай хаціне пад занесенай снегам страхой чуўся шум ткацкага станка.

Дэкамерон

Да артыстаў прыходзіць Аўтар. І проста на вачах у гледачоў нараджаецца спектакль, насычаны песнямі, танцамі і жартамі. На карнавальнай гарадской плошчы карагодзіць персанажаў Каханне — у кожнага сваё, непаўторнае і непараўнальнае. Над пытаннем, якім яно можа быць, і як павінен паводзіць сябе чалавек, каб заслужыць сапраўднае пачуццё, прапануецца паразважаць гледачам. А заадно і добра адпачыць, цешачыся жыццясцвярджальным гумарам знакамітага фларэнтыйца эпохі Адраджэння.

Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка

У аснове спектакля - адзін з сюжэтаў кнігі «Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Спектакль ставіць адвечныя пытанне: ці апраўдвае мэта абраныя сродкі? Калісці ў Полацкім езуіцкім калегіюме, дзе вучыўся будучы беларускі пісьменнік-фантаст Ян Баршчэўскі, студэнты цешыліся самадзейным тэатрам. Спектакль Алега Жугжды створаны на ўзор тагачаснай пастаноўкі.

Касмічная казка

Як часта мы марым пра штосьці далёкае і недасягальнае. А самае лепшае аказваецца побач. Мы проста не можам або не хочам заўважаць гэта. Маленькі барсучок Цік-Так аднойчы пачуў голас з далёкай планеты. І, не раздумваючы доўга, паляцеў на касмалёце ў далёкі небакрай, пакінуўшы сумаваць свайго сябра Цік-Ціка аднаго.

Яшчэ раз пра Чырвоную Шапачку

Ужо сама назва спектакля сведчыць пра тое, што сюжэт яго будзе адрознівацца ад традыцыйнага, напісанага французскім казачнікам. Кажуць, Шарль Перо пісаў свой твор у той час, калі ў Францыі сапраўды існаваў небяспечны і жахлівы Воўк — людаед. Казка са шчаслівым фіналам павінна была супакоіць дзяцей, пазбавіць іх страху.

Бука

Маленькі Зайка раскапрызіўся, ні з кім не сябруе, не жадае размаўляць. Усе лялькі з тэатра ўцяклі праз яго! Што рабіць артыстам? Як не сарваць спектакль? Калі дзеці ўжо ў зале і з нецярпеннем чакаюць пачатку. Вядома ж - трэба гуляць! Каб падчас вясёлай, павучальнай, часам нават страшнаватай гульні, Бука зразумеў, што сябры — найважнейшае, што ёсць у кожнага. Іх трэба берагчы і нельга крыўдзіць.

Адважныя браты

Маленькі глядач разам з адважным Паляўнічым здзяйсняе цікавае падарожжа ў лес. Там жывуць Мядзведзь, Ліса, Рысь, Пугач, Вожыкі і маленькія Зайчаняты. Менавіта яны аднойчы вырашаюць стаць смелымі і нікога не баяцца. А артысты прапануюць дзецям паразважаць, хто ж можа быць смелым: той, хто мае страшныя кіпцюры ды зубы, або для гэтага патрэбна нешта іншае?

Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам

Вы ніколі не гасцявалі ў дзядулі Пэтсана? Завітайце — не пашкадуеце. Дзядуля — вынаходнік, а значыць — чараўнік. Абаранкі да ранішняй кавы ён не набывае ў сумнай краме, а гатуе з дапамогай вясёлага канвеера. Балбатлівыя куры нясуць для яго смачныя і карысныя яйкі, а вольны час прысвячаецца працы над Галоўным вынаходніцтвам.

Аладзін

Старонкі чароўнай казкі разгортвае для вас таямнічы Усход. Шумлівы кірмаш пад пякучым паўдзённым сонцам змяняецца на ціхую засень у садзе султана, зберагаемую маўклівымі ахоўнікамі. Падземная вязніца з тоўстымі кратамі — на сляпучы бляск каштоўнасцяў. Злыя героі — хцівыя, жорсткія, вынаходлівыя ў сваёй падступнасці. Добрыя — прыгожыя, вясёлыя і яшчэ больш вынаходлівыя.

Цар Ірад

Запальваюцца свечкі — і музейны экспанат ажывае. Гучаць неўміручыя галасы герояў адвечнай драмы, а ў галасах тых — і замілаванне, і страх, і боль, і нянавісць, і вера ў найвышэйшую справядлівасць. У народнай драме Дабро і Зло жывуць на розных паверхах ды змагаюцца зацята і бескампрамісна. А светлы Анёл са званочкам не стамляецца нагадваць: «Чалавеча бедны! Не правазнасіся!»

Чорная курыца, або Падземныя жыхары

Антоній Пагарэльскі — псеўданім дзяржаўнага дзеяча Аляксея Пяроўскага, які калісьці напісаў для свайго любімага пляменніка прыгожую павучальную казку. Потым пляменнік вырас і зрабіўся вядомым пісьменнікам Аляксеем Талстым, а таямнічая гісторыя працягвае хваляваць дзіцячыя сэрцы.

Чароўная зброя Кэндзо

Кранальная гісторыя кахання Юкіко і Кэндзо ўвабрала ў сябе сюжэты самых мудрых і цікавых казак Японіі. Маладая пара Юкіко і Кэндзо недаацэньвалі тое лепшае, што мелі: маладосць, каханне, згоду. Каб дапамагчы зразумець, якім багаццем яны валодалі, лёс праводзіць сямью праз цяжкія выпрабаванні старасцю, нямогласцю, страхам. Але Юкіко і Кэндзо захоўваюць у сваім сэрцы самае галоўнае – любоў і дабрыню. І таму ім даецца яшчэ адзін шанец быць па-сапраўднаму шчаслівымі.

Церам-церамок

“Церам-церамок” — адзін са спектакляў, з якіх мае сэнс пачынаць знаёмства маленькага гледача з “Лялькай”. Менавіта на сцэне нашага тэатра героі вядомай казкі загаварылі і заспявалі на беларускай мове. Апякуюцца ж звяркамі Добры Дзед і Злы Дзед. Чые ўлюбёнцы перамогуць?

Тук-тук! Хто там?

У спектаклі “Тук-тук! Хто там?” вам выпадзе сустрэцца з даўно вядомымі героямі казкі “Воўк і сямёра казлянят”: Казой, казлянятамі і Ваўком. Аднак жартаўлівая пастаноўка моцна адрозніваецца ад гісторыі, якую гледачы добра ведаюць. Таму што трапляюць яны… на рэпетыцыю, дзе артыстам даводзіцца вынаходліва імправізаваць у самых нечаканых сітуацыях.

Сонейка і снежныя чалавечкі

Гэтая гісторыя пра двух маленькіх снегавікоў. Іх зляпілі ў заснежаным парку маладыя людзі. Снегавікі ажываюць і выпраўляюцца ў госці да сонейка — папрасіць, каб яно не прыходзіла, дало маленькім снежным чалавечкам пажыць даўжэй. Але па дарозе да сонейка снегавікам увесь час сустракаюцца лясныя жыхары. Адзін замарозіў лапкі, другі — памірае з голаду, трэці ніяк не можа заснуць з-за халадэчы.

Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў

Спектакль-фантазія перанясе гледача ў далёкія часы – часы Сярэднявечча на Беларусі. Тады, калі кнігі былі забароненыя, калі не было вольнасці, калі адзінай зброяй была музыка, а выратавальнікамі – вандроўныя песняры…

Прынцэса і Свінапас

У небагатым прыгожым каралеўстве жыве малады Прынц. Для поўнага шчасця яму не хапае толькі каханай жонкі. Многія прынцэсы не адмовіліся б ад такой долі, ды яму патрэбна толькі дачка самога Імператара. Прынц нясе прыгажуні самае дарагое — чароўную Ружу і Салаўя. Але Прынцэса прывыкла да іншых падарункаў…

Піліпка і Ведзьма

Жылі-былі дзед і баба ды не было ў іх дзяцей. Даведзены да адчаю дзед выразае драўлянага «сынка» і — во дзіва! — той ажывае. Вось тут і з’яўляецца Ведзьма, якая хоча перашкодзіць агульнаму шчасцю.

Марозка

Бесхарактарны дзед, злая мачаха, гультайка Паша і працаўніца Даша, справядлівы Марозка... Хто іх не ведае? Казка з падобнымі героямі і сюжэтам прысутнічае ў фальклорнай традыцыі многіх народаў.