Свята Лялькi 2018


Свята “Лялькі” пачалося спектаклем “Спакуса, або Чорны манах” паводле аповесці Антона Паўлавіча Чэхава. Прыгожая драма ў пастаноўцы Віктара Клімчука не пакінула гледачоў абыякавымі. Спектакль вызначаецца пранікнёнай ігрой артыстаў: Міхася Клімчука (Коўрын), Марыны Марозавай (Таня), Валерыя Зімніцкага (Чорны манах), Юрыя Франкова (Пясоцкі) і Сяргея Талкача (Падзёншчык).
Атмасферу пачатку ХХ стагоддзя перад пачаткам спектакля стварылі вакалісты — навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага (выкладчыкі — Людміла Лукас і Сяргей Белавусаў).
Рамансы С.Рахманінава, М.Рымскага-Корсакава, А.Даргамыжскага і іншых славутых кампазітараў мінулага спявалі Мілана Казачонак, Дар’я Чыстабаева, Марыя Макарава, Лізавета Антонава, Аляксандра Давыдава, Вячаслаў Мікалаеў, Злата Зубава і Марыя Шпірковіч.
Канцэртмайстар — Алена Валошчанка.

21 кастрычнiка, з самай раніцы па-над Віцьбай віравала Свята “Лялькі”. Духавы аркестр Дзіцячай школы мастацтваў №2 г.Віцебска пад кіраўніцтвам Віктара Генадзевіча Карнілава і артысты на хадулях — Марыя Кавалёва, Сяргей Талкач і Алесь Казлоў — натхнёна віталі гасцей.
У фае гледачоў чакалі майстар-класы педагогаў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі і вясёлыя гульні.

А на сцэне “Брэменскія музыкі” выступалі перад гледачамі 400-ты раз. З гэтае прычыны дырэктар тэатра Аляксандр Грыгор’еў і мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук узнагародзілі артыстаў адмысловымі памятнымі медалямі. Маладыя актрысы Марына Марозава і Марыя Кавалёва былі прызнаныя ганаровымі музыкамі. Артысты Вольга Лазебная, Аляксей Макарскі, Яўген Гусеў і Наталля Гайдук атрымалі званне Заслужаных Брэменскіх музыкаў.
Ну а Аляксандр Маханькоў, Вольга Маханькова, Алег Рыхтэр, Ларыса Мартынава, Юрась Франкоў і Ганна Сцепанец, на чыім рахунку ўсе 400 сыграных за 20 гадоў спектакляў, атрымалі з рук свайго рэжысёра ўзнагароды Народных Брэменскіх музыкаў.

Вечар у “Ляльцы” прайшоў пад знакам Краіны ўзыходзячага сонца. Самураі, гейшы, японская гімнастыка, арыгамі і медытацыя. І нават Марскі цар, здатны здзяйсняць пажаданні і адказваць на пытанні.
Такі пачатак стаўся добрай прэлюдыяй да прыгожай японскай казкі “Жураўліныя пёры” (Дз.Кінасіта). Гэты спектакль вызначаецца эстэтычнай прывабнасцю, непаўторнай атмасфернасцю і самаадданай працай артыстаў.
Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь была ўзнагароджана вядучы майстар сцэны, актрыса Вольга Лазебная. Грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уручылі артысту вышэйшай катэгорыі Валерыю Зімніцкаму.

У нядзелю на Свята “Лялькі” завіталі навучэнцы Дзіцячай школы мастацтваў №4 г.Віцебска.Ансамбль флейтыстаў пад кіраўніцтвам Іллі Барысавіча Рубінчыка не проста стварыў урачыста-святочную атмасферу, але і па-сапраўднаму крануў сэрцы гасцей Свята “Лялькі” дасканалым выкананнем прыгожай музыкі.
Ну а ICESHOWMINIONS шчодра палілі галовы шчаслівых юных гледачоў мыльнай пенай.

Гісторыю адважнага краўца Ганса па матывах вядомай казкі братоў Грым у Віцебску распавялі, госцi нашага тэатра, артысты Калінінградскага абласнога тэатра лялек. Галоўную ролю выканаў абаяльны Аляксандр Юргін. Спектакль “Храбрый Портняжка”, пастаўлены рэжысёрам Людмілай Фёдаравай, прыйшоўся даспадобы віцяблянам.
У сваю чаргу, па словах Дзмітрыя Смагіна, галоўнага рэжысёра Калінінградскага абласнога тэатра лялек, госці ўпадабалі і горад, і “Ляльку”, і нашых гледачоў. Наш мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук і дырэктар Аляксандр Грыгор’еў падаравалі сябрам-артыстам памятны дыплом і дыван з віцебскім краявідам.