Свята лялькі

Свята «Лялькі» распачалося! Гэтым разам да нас завітаў калектыў Тамбоўскага дзяржаўнага тэатра лялек, які прэзентуе віцебскім гледачам свой спектакль «Старая сказка».

Лірычная прэлюдыя да першага святочнага вечара прагучала ў выкананні Лізаветы Засімовіч, навучэнкі школы мастацтваў №4 г.Віцебска, пераможцы шматлікіх міжнародных музычных конкурсаў.

«Ладдзя Роспачы» паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча – пастаноўка, дзе гучаць самыя каштоўныя струны беларускае душы: Трагедыя і Надзея, Каханне і Радзіма, Жыццё і Смерць. Цягам 17 год натхнёна і апантана іграе ролю Гервасія Вылівахі наш юбіляр Алег Рыхтэр, столькі ж часу працуе ў ролях Жыцця, Каралевы Боны і Смерці Ганна Сцепанец. І ў самыя сэрцы гледачоў трапляе голас Наталлі Гайдук (Бярозка). Авацыі залы гучалі і ў гонар пачэснага госця – выбітнага беларускага кампазітара Алега Залётнева, аўтара музыкі да «Ладдзі Роспачы» і яшчэ 30 пастановак «Лялькі».

Ну а непаўторнае вогненнае відовішча ў выкананні гурта «AGNI show» змусіла суцішыцца дождж і ўзбадзёрыла не толькі гледачоў «Лялькі», але і ўсіх, каму пашчасціла ўвечары апынуцца блізу тэатра. Калектыў «AGNI show», што днямі адсвяткаваў сваё дзесяцігоддзе, робіць незабыўнай кожную імпрэзу, у якой удзельнічае.

Раніцай 22 красавіка гасцей «Лялькі» ў фае сустрэлі артысты арт-студыі Юрыя Галёнава. Казачны макіяж у выкананні Анастасіі Мікель упрыгожыў і дзяўчат, і хлопцаў, і іх матуль. А элегантны фокуснік Алег Булавін, як сапраўдны чараўнік, рабіў цуды, часта запрашаючы ў асістэнты гледачоў.

У рэпертуары нашага тэатра знайшоўся-такі спектакль, здатны надоўга разагнаць хмары над Віцебскам. Безумоўна, гэта «Брэменскія музыкі»! Бліскавічныя жарты Аляксандра Маханькова (Блазан, Сышчык), імпэт Трубадура (Алег Рыхтэр), прыгажосць какетлівай Прынцэсы (Вольга Маханькова) і энергія астатніх персанажаў стварылі святочны настрой усім гледачам.

Апоўдні ж педагог-арганізатар Алёна Субоціна ў межах «Фэсту экскурсаводаў» правяла экскурсію і віктарыну для юных гледачоў. Пераможцы атрымалі ў падарунак беларускія дзіцячыя часопісы.

Вечарам, перад спектаклем паводле аповесці Чэхава «Чорны манах» госці «Лялькі» атрымалі яшчэ адзін падарунак – міні-канцэрт салісткі Віцебскай абласной філармоніі Паліны Бахталінай.

Ну а потым гледачы разам з Міхасём Клімчуком (Андрэй Коўрын), Валерыем Зімніцкім (Чорны манах), Марынай Марозавай (Таня Пясоцкая), Юрыем Франковым (Ягор Пясоцкі) і Сяргеем Талкачом (Падзёншчык) мелі магчымасць зазірнуць у вочы небяспекам, якія падпільноўваюць нават самых прыстойных, разумных і адораных людзей. «Спакуса» спакталя ўсё мацней закручвае спружыну эмоцый, аж да самага адчайдушнага фіналу.

23 красавіка выдалася проста феерычнай. Духавы аркестр СШ№33, майстар-класы педагогаў гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі, фотасесія з Алесем Маханьковым, Наталляй Гайдук і Аляксеем Макарскім, артысты на хадулях – госці «Лялькі» ад першага моманту трапілі ў карагод святочных уражанняў. А потым іх чакаў веснавы казачны баль з артыстамі і, вядома, галоўны падарунак – казка «Прынцэса і Свінапас» паводле аднайменнага твора Ганса Хрысціяна Андэрсана. Гэты прыгожы, трапяткі спектакль пра каханне змушае задумацца пра сапраўднае і штучнае ў нашым жыцці, пра небяспеку гульняў з сацыяльнымі маскамі і пра незваротнасць страты ілюзій.

Адметны падарунак «Ляльцы» і яе заўсёднікам зрабіў калектыў Тамбоўскага дзяржаўнага тэатра лялек. Спектакль «Старая казка» (аўтар – Барыс Шаргін) паставіў народны артыст Расійскай Федэрацыі Станіслаў Жалезкін, даўні сябра нашага тэатра.

«Старая казка» – пра сямейнае жыццё, жыццё наогул, пра канфлікты, праблемы і неабходнасць пошукаў да ладу і згоды. У падачы выдатных акцёраў Яўгеніі Бурцавай, Алега Пыльнева і Івана Дарошына гратэск не пераходзіць у вульгарнасць, і нават невясёлыя акалічнасці жыцця падаюцца з гумарам і шчодрай душэўнасцю. Віцебскія гледачы на хвалі пазітыву не шкадавалі апладысментаў. Спадзяемся, што гэта не апошні візіт тамбоўскага калектыву ў наш горад.

А перад спектаклем у фае дзеці і дарослыя захоплена глядзелі выступ фолк-гурта “Вытокі” (дзіцячая студыя “Гулівер і ліліпуты”).