Маскарад у “Ляльцы” 2021

На традыцыйную імпрэзу завіталі госці і з Віцебска, і з Полаччыны, і з Барысава, і з Пецярбурга…

Спадзяемся, уражанняў хапіла ўсім. Традыцыйная пошта сімпатый, спевы юных гімназістак Ксеніі Сцепанец і Марыі Сысоевай, магчымасць прыручыць сімвал года, фотазоны, майстар-класы… Гэта была толькі прэдюдыя да свята.

Пасля выступу студэнтаў каледжа культуры і мастацтваў (кіраўнік Аляксандр Маханькоў) за гледачоў ўсур’ёз узяўся загадкавы Спадар у масцы. І давялося гасцям рабіць маскі і нават гандляваць імі на імправізаваным аўкцыёне. Кошт адной з іх сягнуў з 10 капеек да 10 рублёў.

А потым гледачы дружна “варылі крушон”: вясяліліся і танчылі на ўсе лады са Спадаром і дзвюма чараўніцамі — Вольгай Маханьковай і Вольгай Лазебнай. Ну і частаваліся, вядома…

Галоўным жа падарункам вечарыны стаўся адзін з лепшых спектакляў “Лялькі” — “Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка”. Госці, апрача кветак, падарылі артыстам сэрцы з крыламі і цукеркі ў адмысловых пакуначках ручной работы.
Ну а больш за ўсіх лістоў “Пошты сімпатый” атрымалі нашы Карыфеі — Аляксандр Маханькоў і Юрый Франкоў.