Стваральнікі пастаноўкі “Мой Надзейны Сябра: 101” атрымалі надзвычай каштоўны падарунак — цэлы альбом водгукаў і лістоў, скіраваных да герояў спектакля. Гэта праца вучняў 3”А” класа сярэдняй школы №31 г.Віцебска.
Разам з Ірынай Казарэз, сваім класным кіраўніком, дзеці неаднаразова наведвалі “Ляльку”. А відовішчны спектакль пра дзяўчынку, якая ледзь не загінула з-за сваёй непаслухмянасці, уразіў іх нагэтулькі, што яны выказалі свае адносіны праз водгукі, лісты і малюнкі.
Адметнасцю гэтага зборніка вучнёўскіх прац з’яўляецца разнастайнасць заўважаных аспектаў, нешаблоннасць мыслення, яскрава выяўленая індывідуальнасць кожнага з аўтараў. Ну і добрая беларуская мова, што, вядома, з’яўляецца заслугай іх настаўніцы — Ірыны Аляксандраўны.
Гледачы звяртаюцца і да рэжысёра-пастаноўшчыка — Віктара Клімчука, і да пажарных, да якіх шмат хто хоча быць падобным. Больш за ўсё, вядома, лістоў атрымала галоўная гераіня — Даша (актрыса Марына Марозава). Хлопчыкі і дзяўчынкі прапануюць ёй сваё сяброўства, тлумачаць, што нельга падманваць старэйшых і тым больш гуляць з запалкамі, абяцаюць пазнаёміць з усімі правіламі бяспечных паводзінаў. А Мікіта Сапель увогуле звяртаецца наўпрост да Агню (артыст Валерый Зімніцкі): “Ты ж можаш плавіць сталь, ты дужы, шмат чаго карыснага робіш для нас. Я б хацеў пасябраваць з табой, каб ты не мог нарабіць бяды.”
Як добра, што “Лялька” мае такіх уважлівых і ўдзячных гледачоў!