Гісторыя праекта "Лялечны квартал"

2014

Першы праект «Лялечны квартал» у межах міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбыўся 9-13 ліпеня 2014 года. У ім удзельнічалі: «Гродзенскі абласны тэатр лялек» (Беларусь), «Беларускі тэатр “Лялька» (Беларусь) і тэатр «Лялечны фармат» (Расія).

«Лялечны квартал»  распачаўся  9 ліпеня  неверагодным спектаклем «Пікавая Дама» паводле аднайменнай аповесці А.С. Пушкіна ў выкананні артыстаў  « Гродзенскага абласнога тэатра лялек» (Беларусь). 10 ліпеня тэатр «Лялечны фармат» (Расія) прадставіў незвычайны спектакль «Русалка Света з вёскі Перамілава» і  гістарычную фантазію «Вершнік CUPRUM». Беларускі тэатр «Лялька» (Беларусь) паказаў спектакль для дзяцей «Брэменскія музыкі» і тэатральную імправізацыю для дарослых «Дэкамерон» паводле твора італьянскага пісьменніка 14 стагоддзя Джаванні Баккачча.

2015

10-13 ліпеня 2015 года у межах другога «Лялечнага  квартала» «Беларускі тэатр «Лялька» (Беларусь) прапанаваў  спектаклі «Папялушка» і «Брэменскія музыкі». Госць з Расіі – «Тэатр лялек «Агніва»  прадставіў спектакль «Развітанне з Мацёрай» паводле аднайменнай аповесці Валянціна Распуціна.  Палтаўскі акадэмічны абласны тэатр лялек (Украіна) прадставіў спектакль для дзяцей  «Тыграня Петрык», які гатовы пераадолець усе прыгоды і перашкоды, якія ўстануць на яго шляху, і спектакль для дарослых  «Партрэт з лётаючым гадзіннікам. Марк Шагал». Таксама 12 ліпеня ў межах фестывалю адбылася адкрытая лекцыя Фларыяна Габера (Францыя) «Вулічны тэатр Еўропы. Учора і сёння».

2016

Трэці «Лялечны квартал-2016» :

«Беларускі тэатр «Лялька» (Беларусь) прадставіў  прэм'еру спектакляў «Горад клоўна Піка» і «Умка».   Маскоўскі тэатр лялек, ценяў і акцёра «Отражение» (Расія) прадставіў спектакль «Дзіўны цырк Марка Шагала», у  якім кожны эпізод спектакля — маленькая гісторыя жыцця мастака. Палтаўскі акадэмічны абласны тэатр лялек (Украіна) завітаў са сваім казачным спектаклем «Крылы для Дзюймовачкі».  Тэатр лялек «Агніва» (Расія) прапанаваў свой знакаміты спектакль, які з'яўляецца дыпламантам Нацыянальнай тэатральнай прэміі і фестывалю «ЗАЛАТАЯ МАСКА» – «Вішнёвы сад» паводле аднайменнага твора А.П. Чэхава.  Кіеўскі нацыянальны універсітэт тэатра, кіно і тэлебачання імя І.К. Карпенка-Карага (Украіна) прадставіў спектакль «Цені забытых продкаў» паволде аповесці Міхаіла Кацюбінскага.

На вуліцы таксама не было сумна: Палтаўскі акадэмічны абласны тэатр лялек (Украіна) паказаў спектакль «Дрэва казак», на пляцоўцы перад тэатрам адбыўся канцэрт гурта «СныОпоСсума» (Беларусь, Віцебск), каля помніка А.С. Пушкіну прайшла акцыя «1000 вершаў пра Віцебск», а ўвечары, на пляцоўцы перад тэатрам, адбыўся візуальны перформанс на хадулях «Шагал. Зыход.», прадстаўлены артыстамі «Беларускага тэатра «Лялька» (Беларусь).

2017

У мінулым годзе «Лялечны квартал» (праходзіў у чацвёрты раз, з 2014 года), несумненна, стаў адным з самых цікавых праектаў «Славянскага базару ў Віцебску-2017», давёўшы, што з'яўляецца паспяховым міжнародным фестывалем тэатраў лялек. Запрошаныя калектывы цалкам апраўдалі ўскладзеныя на іх надзеі. Гродзенскі тэатр лялек прапанаваў рускую народную казку «Царэўна-жабка». Маскоўскі тэатр лялек (Расія) выступіў з вясёлым і вынаходлівым у выразных сродках спектаклем па матывах рускіх народных казак «Паехалі!». Белгарадскі дзяржаўны тэатр лялек (Расія) парадаваў гледачоў пастаноўкай «Слон» па сюжэце аднайменнага апавядання Аляксандра Купрына. Ровенскі абласны акадэмічны тэатр лялек (Украіна) паказаў займальны спектакль для малодшых школьнікаў «Бармалей». Дарослыя ж гледачы змаглі ўбачыць напружана-змястоўную пастаноўку Моладзевага анімацыйнага тэатра «Ёсць» (Украіна) «Белы параход» па аднайменнай аповесці Чынгіза Айтматава.

Прадказальную цікаўнасць з боку гледачоў і прэсы выклікаў экалагічна-асветніцкі спектакль «Дзяўчынка і марская чарапаха», прадстаўлены тэатрам «Альбатрос» (Швецыя).

Па-сапраўднаму ўпрыгожыў фестывальную праграму монаспектакль Івана Кірчука «Дарожка мая» - незвычайнае аўтарскае асэнсаванне беларускага фальклору. А Беларускі тэатр "Лялька" прапанаваў увазе гледачоў новую інтэрактыўную пастаноўку «Вясёлы Дарафей» і любімых наведнікамі «Брэменскіх музыкаў».

Акрамя спектакляў, якія праходзілі на сцэне тэатра, у праграму "Лялечнага квартала" ўвайшлі ўнікальныя вулічныя пастаноўкі педагогаў і навучэнцаў Валгаградскага дзяржаўнага інстытута мастацтва і культуры, а таксама таленавітыя варыяцыі на тэму традыцыйнага рускага вулічнага мастацтва ў выкананні акцёраў Маскоўскага тэатра лялек. Спадабаўся гасцям горада і вулічны спектакль Беларускага тэатра "Лялька" «Шагал.Зыход»

Фармат «Лялечнага квартала» дазваляе ўмацаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з творчымі калектывамі горада. У фестывальныя дні "Лялька" стала выдатнай пляцоўкай для калектыву тэатра «Колесо», для ансамбля народных інструментаў «Пацешкі» школы мастацтваў №4 г.Віцебска, для рок-гурта «DrF» гімназіі №2 г.Віцебска, іншых артыстаў і музыкаў, што пачынаюць свой шлях.

2018

“Лялечны квартал” праводзіўся ў межах Міжнароднага фестывалю пяты раз. Адметнасцю праекта ў 2018 годзе стала вялікая колькасць спектакляў для дарослага гледача паводле твораў сусветнай класікі. Так, Арэнбургскі дзяржаўны абласны тэатр лялек (РФ) прапанаваў увазе гледачоў містычную фантасмагорыю “Мёртвыя душы” паводле твораў М.Гогаля і М.Булгакава, ўлюбёны віцяблянамі Мыцішчанскі тэатр лялек “Агніва” — гісторыю зыходу вёскі Анатаўка “Памінальная малітва” па матывах п’ес Грыгорыя Горына і Шолам-Алейхема, а Брэсцкі тэатр лялек — спектакль “Халстамер”, адзначаны гран-пры міжнародных фестываляў у Расіі, Украіне, Чэхіі, Харватыі і Кітаі.

Дзяцей таксама чакала разнастайная і цікавая праграма. Ім спадабаліся і пацехі скамарохаў у спектаклі “Церамок”, прапанаваным Татарскім дзяржаўным тэатрам лялек “Экіят” (г.Казань), і кранальная “Гісторыя адной маці” Тэатра лялек “ІСТАРТ” (г.Нікалаеў), і прытча “Алёнка ды Іванка” Хмяльніцкага акадэмічнага абласнога тэатра лялек, афармленне якой выклікае асацыяцыі як са старажытнымі наскальнымі малюнкамі, так і з карцінамі абстракцыяністаў ХХ-га стагоддзя. Ну і, вядома, віцябляне і шматлікія госці горада з задавальненнем глядзелі спектаклі “Беларускага тэатра “Лялька” — ужо традыцыйных для праекту “Брэменскіх музыкаў” і музычную казку “Воўк і раз, два, тры…”. Вялікае ўражанне на гасцей зрабіла натхнёная ігра нашых артыстаў, асабліва непараўнальнага Аляксандра Маханькова.

Адкрыццё пятага “Лялечнага кварталу” вельмі ўпрыгожыў выступ гурта Jazz City Band і прывітальны выступ лялек у вокнах тэатра, а таксама лірычная замалёўка тэатра ценяў, што папярэднічала паказу першага спектакля.

Значную цікаўнасць заўсёднікаў “Лялькі” і журналістаў выклікаў праект “Парад лялек”, праведзены ў тэатры 14 ліпеня, калі гледачы змаглі блізка пазнаёміцца з лялькамі розных сістэм, занятымі ў асноўных рэпертуарных пастаноўках тэатра. Вольга Маханькова, арганізатар імправізаванага відовішча, і астатнія артысты пастараліся зрабіць паказ максімальна эфектным і дынамічным.

У 2018 годзе праект “Лялечны квартал” прыдбаў свой сімвал — мініяцюрнае падабенства віцебскай батлейкі, прыдуманае і зробленае мастаком Дзмітрыем Гаралевічам.

Праграму квартала вельмі ўпрыгожылі хепененгі з удзелам моладзевага тэатра “Колесо” і канцэрты навучэнцаў і педагогаў школы мастацтваў №4 г.Віцебска, узорнай студыі эстраднай песні “Форум” ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск”, а таксама запрошаных музыкаў — Мірона Галецкага, Аляксандры Эстаном і Ксеніі Сцепанец.

2019

“Лялечны квартал-2019”  вызначыўся жанравай і стылёвай разнастайнасцю спектакляў для дзяцей рознага ўзросту, а таксама для дарослага гледача

Уразілі гледачоў і вытанчаная “Дзюймовачка” (тэатр “Бродячая собачка”, г.Санкт-Пецярбург), і чароўная “Зімовая казка” Пензенскага абласнога тэатра лялек “Кукольный дом”, і эксцэнтрычная інтэрактыўная праграма Чамадан-дуэта “КВАМ” ( Антэрэй Князькоў і Аляксей Мельнік, г.Санкт-Пецярбург) “Мы да вас прыехалі на час, або Ці лёгка быць артыстам”, і кранальна-светлая “Ноч перад Раством”, якую прывезлі ў Віцебск артысты тэатра “Карабаска” (Наталля Красільнікава і Андрэй Цяцюрын, г.Перм), і жыццясцвярджальны спектакль “Была ў зайчыка хацінка” Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек з левага берагу Дняпра, і фарс “Шыш, або Як мужык з царом пасварыўся” Рыбінскага тэатра лялек, і эксперыментальны “Дзіцячы альбом” Чайкоўскага” Іванаўскага абласнога тэатра лялек.

Знакавай падзеяй фестывалю стаў спектакль  Мінскага абласнога тэатра “Батлейка” (г.Маладзечна) “Сёстры Грайі”, створаны рэжысёрам Яўгенам Карнягам  і мастаком Вольгай Разумавай, дзе праз лёсы герояў міфаў старажытнай Грэцыі аўтары размаўляюць са свядомасцю і падсвядомасцю сваіх сучаснікаў.

“Лялечны квартал” пачаўся традыцыйна — яркім і вясёлым спектаклем “Брэменскія музыкі” Беларускага тэатра “Лялька”. Не засталіся без увагі гледачоў і крытыкаў і новыя пастаноўкі рэжысёраў нашага тэатра — імправізацыя Міхася Клімчука “Казкі пра казку” і рэмінісцэнцыі pro domo sua “Мастак. Вяртанне ў Віцебск” Віктара Клімчука з прысвячэннем Марку Шагалу.

Як заўсёды, праграма фэсту  не абмежавалася пастаноўкамі на сцэне “Лялькі”. На панадворку Цэнтра сучаснага мастацтва жадаючыя з задавальннем паглядзелі цэлы шэраг цікавых вулічных спектакляў. Такіх, як “Дзюймовачка” ў выкананні заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі Наталлі Котавай (Рыбінскі тэатр лялек), “Падарожжа з Месяцам”  — падарунак ад непаўторных артыстаў пермскага тэатра “Карабаска” — Наталлі Красільнікавай і Андрэя Цяцюрына, а таксама “Калабок” (“Беларускі тэатр “Лялька”, артысты Марыя Кавалёва і Сяргей Талкач) і “Церамок” (тэатр “Ухтышка”, артыст Валерый Зімніцкі).

Ну і, вядома, у “Лялечным квартале” за некалькі святочных дзён адбылося шмат разнастайных імпрэз: гульняў, канцэртаў, паказаў мод, перформансаў для дзяцей і дарослых.

2021

2022

2023