Міжнародны дзень лялечніка — святочная праграма для гледачоў
Сёння ў фае тэатра можна было сустрэць і цудоўную Прынцэсу, і брутальнага, але добрага Мядзведзя. А таксама пакінуць на памяць адбітак сваёй далоні, патанчыць разам з марыянеткамі і нават намаляваць твар уласнай лялькі ці зрабіць кветачку.
Лялечны флэш-моб ад Дзінь (Вольга Маханькова) і Дона (Аляксей Макарскі), аб’яднаў у сяброўскім коле і дзяцей, і дарослых. Танчылі ўсе! А потым разам рушылі ў залу — глядзець спектакль “Насарог і Жырафа”.
Са святам вас, дарагія калегі і сябры!
Як сцвярджаюць героі спектакля “Насарог і Жырафа”, сябе і сваіх бліжніх трэба любіць такімі, якімі іх стварыла прырода. А тым, хто працуе ў тэатры лялек, яна не пашкадавала ні талентаў, ні прыязнасці гледачоў. Артысты Алег Рыхтэр, Марыя Кавалёва, Сяргей Талкач, Аляксандра Бурдзілоўская і Дзяніс Кальянаў, стварыўшы святочную атмасферу ў зале, былі ўзнагароджаныя шчодрымі апладысментамі. Як і мастацкі кіраўнік “Лялькі” — Віктар Ігнатавіч Клімчук.
Самыя дапытлівыя і крэатыўныя гледачы сёлетняга сезону, у сваю чаргу, атрымалі падарункі ад віцебскіх лялечнікаў. А эфектная лялька, створаная палачанкай Саідай Дабіжа, адшукала сабе месца ў нашым музеі.
Здароўя, дабрабыту і натхнення вам, лялечнікі і ўсе прыхільнікі гэтага мастацтва.