Адкрыццё сезону

Беларускі тэатр “Лялька” распачаў свой трыццаць другі сезон. Гучна і весела. З гасцінным Дзядулем Пагуляем (Юрый Франкоў), увішнай Гаспадыняй (Ларыса Мартынава) і спрытным Клоўнам (Сяргей Талкач). І галоўнае, са сваімі любімымі гледачамі, што весела танчылі і трапна стралялі з Яўгенам Гусевым, плялі косы з прыгажуняй Марынай Марозавай. А Наталля Гайдук, як чароўная Фея, ператварала юных гасцей у Катоў, Прынцэс і Мятлушак, цалкам гатовых паўдзельнічаць у спектаклі “Вясёлы Дарафей”.

Так-так, менавіта паўдзельнічаць, бо абраная для адкрыцця сезону пастаноўка хутка зрабіла глядзельную залу дружнай грамадою, якая дапамагла Алёнцы і Вожыку вызваліць Гусяня з лапаў шкоднай Лісіцы.

А напрыканцы артыстаў чакалі кветкі, а маленькіх памочнікаў — паветраныя шарыкі.

Увечары 24 верасня сталі вядомыя лепшыя артысты папярэдняга тэатральнага сезону. У намінацыі “Лепшая мужчынская роля” перамог Яўген Гусеў, што стварыў вобраз Пісьменніка ў спектаклі “Фенька”. У намінацыі “Лепшая жаночая роля” найцікавейшай аказалася праца Вольгі Лазебнай — Гусяня з пастаноўкі “Вясёлы Дарафей”. А сярод усіх намінаваных на “Лепшую эпізадычную ролю” вызначыўся Сяргей Талкач за ролю Неверагоднасцяў. Якіх такіх Неверагоднасцяў? А вось прыходзьце на прэм’еру спектакля “Фенька” і даведайцеся.

Настрой першым гледачам новага сезону стваралі ўдзельнікі школы танцаў джазу, блюзу і рок-н-ролу — “Стылягі-хоп” пад кіраўніцтвам Канстанціна Косціна.

Ну і, вядома, непаўторныя Аляксандр Маханькоў, Вольга Маханькова, Алег Рыхтэр, Вольга Лазебная, Аляксей Макарскі, Ганна Сцепанец, Міхась Клімчук і Валерый Зімніцкі з вясёлым, энергічным і эратычным спектаклем, разлічаным на самую дарослую аўдыторыю. Гледачы ацанілі няўрымслівы гумар “Дэкамерона” і ўсцешана віталі артыстаў.