Дзень тэатра з сябрамі, Хармсам і Малевічам

Беларускі тэатр “Лялька” разам з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа і Народным тэатрам-студыяй сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка другі год запар прыняў удзел у адмысловым праекце “Дзень тэатра”.

У межах тэмы “Казкі для дарослых” артысты тэатра імя Якуба Коласа абралі твор Яна Баршчэўскага, аздобіўшы мастацкую чытку дакладнай акцёрскай ігрой (дарэчы, з выкарыстаннем лялек) і шыкоўным вакалам актрысы Раісы Грыбовіч.

Выхаванцы харэаграфічнай студыі  непараўнальнай Дзіяны Юрчанка станчылі казку Міхаіла Салтыкова-Шчадрына “Премудрый пескарь”. Тэкст чытала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь  Таццяна Ліхачова.

Нашы артысты гэтым разам спынілі свой выбар на вершаванай кампазіцыі Данііла Хармса, прысвечанай Казіміру Малевічу — “Искушение”. Гэты насамрэч спакусны, неадназначны і інтрыгуючы матэрыял творча асэнсавалі Вольга Маханькова, Аляксандр Маханькоў, Алесь Казлоў, Вольга Лазебная, Ларыса Мартынава і Марыя Кавалёва. Артысты пастараліся не толькі данесці да публікі віхурны павеў эпатажнага мастацтва 20-х гадоў мінулага стагоддзя, але і стварыць сітуацыю сутворчасці, дазволіўшы гледачам дакрануцца да творчасці Данііла Хармса і Казіміра Малевіча з дапамогай індывідуальнага ўяўлення. Гульня падтэкстаў праз тэатр ценяў, зрокавыя і слыхавыя эфекты ўразілі прысутных. Пагатоў Круглая зала КЗ “Віцебск” — насамрэч выдатная пляцоўка для эксперыментаў, а гасцінная ўважлівасць яе гаспадароў спрыяе натхнёным марам пра далейшае супрацоўніцтва.