Лепшыя артысты 32-га тэатральнага сезону

Згодна даўняй традыцыі, падчас адкрыцця новага сезону “Лялькі” ганаруюцца самыя паспяховыя артысты папярэдняга. У 2017-2018 годзе спектаклі “Мой Надзейны Сябра: 101”, “Калабок” і “Казкі пра казку” падаравалі гледачам шмат прыемных неспадзяванак.
У намінацыі “Лепшая жаночая роля” прадказальна перамагла дзёрзкая прыгажуня Марына Марозава, што ролю небяспечнай дзяўчынкі Дашы ў спектаклі Віктара Клімчука “Мой Надзейны Сябра: 101”.
У намінацыі “Лепшая роля другога плану” лідарам стаў Валерый Зімніцкі, які ў спектаклях “Мой Надзейны Сябра: 101” і “Казкі пра казку” сыграў добры тузін роляў — мужчын, жанчын, звяроў і разнастайных прадметаў.
А безумоўным фаварытам акцёрскага галасавання стаўся артыст Аляксей Макарскі, што перамог адразу ў дзвюх намінацыях — “Лепшая эпізадычная роля” (Прусак) і “Лепшая мужчынская роля” (Навальнічны Анёл). Безумоўна, новы спектакль Міхася Клімчука “Казкі пра казку” дазволіў Аляксею Тадэвушавічу здзівіць не толькі глядзельную залу, але і сваіх калег.
Ад імя прафсаюзнай арганізацыі тэатра Алег Рыхтэр агучыў імёны лаўрэатаў адмысловай прэміі. У гэтым годзе імі адзначаныя артыст Яўген Гусеў за ролю Белага Анёла ў “Казках пра казку” і мастак-канструктар Дзмітрый Гаралевіч, аўтар адмыслова распрацаваных ім у гэтым сезоне сувеніраў Беларускага тэатра “Лялька”.