Трыццаць трэці сезон “Лялькі” распачаўся прэм’ерай спектакля “Казкі пра казку”

А таксама гульнямі, песнямі, танцамі, майстар-класамі, чароўным срэбным пылам, цукеркамі і ўсмешкамі. Ля ўваходу юных гледачоў сустракалі артысты Марыя Кавалёва і Сяргей Талкач. У першым фае іх чакалі вясёлыя аніматары з тэатра “Эцюд” і ўзорнага тэатра “Прэм’ера” гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі, а таксама майстар-класы па вырабе анёлаў ад гуртка “Чароўная нітка” і студыі “Лялька. Цацка. Казка” гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі. А ў другім — спявалі вакалісты студыі “Серпанцін” і скакалі, змяняючы абліччы, няўрымслівыя хлопцы і дзяўчаты з калектыву эстраднага танца “Тэр-ра-дэнс”.

У перапынку самыя дасведчаныя гледачы паўдзельнічалі ў вершаванай віктарыне, падрыхтаванай педагогам-арганізатарам Вольгай Прусак.

Ну а шарыкі з паветрам казачных краін і добры настрой дасталіся кожнаму з першых гледачоў “Казак пра казку”. Новы спектакль Міхася Клімчука прыйшоўся даспадобы і дзецям, і татам, і мамам, і бабулям, і дзядулям — карацей, усім, хто святкаваў з “Лялькай” адкрыццё новага сезону.

А сталых гледачоў увечары чакала сур’ёзная размова з Антонам Паўлавічам Чэхавым. Спектакль “Спакуса, або Чорны манах” заклікаў да разваг пра жыццёвы шлях і небяспекі, што падпільноўваюць кожнага з нас на гэтым шляху. Папярэднічала спектаклю невялікая канцэртная праграма ў выкананні піяністкі,  выкладчыка кафедры музыкі Алы Уладзіміраўны Сандур і саліста — студэнта ВДУ імя П.Машэрава Аляксандра Чуяшова.