Бібліятэкары знаёмяцца з “Казкамі пра казку”

13 лістапада ў “Ляльцы” сваё метадычнае паседжанне правялі бібліятэкары навучальных устаноў Першамайскага раёна. Абмеркаванне пашырылася далёка за межы заяўленай тэмы — “Роля школьнай бібліятэкі ў фарміраванні маральных якасцяў праз далучэнне дзяцей да чытання беларускіх народных казак”.

Рэй вялі загадчык бібліятэкі школы №31 Галіна Васюціна  і бібліятэкар Таццяна Падрэз. Яны распавялі пра актуальныя ў 21 стагоддзі формы работы з навучэнцамі розных узростаў, пазнаёмілі прысутных з сучаснай беларускай літаратурай для дзяцей і вучнёўскімі выставамі — фотавыставай “Любоўю да Віцебску дыхаючы” і падборкай зробленых дзецьмі мастацкіх закладак — “Верная спадарожніца кнігі”.

Натуральным працягам паседжання стаў прагляд спектакля Міхася Клімчука — “Казкі пра казку”. Відавочна, Белыя анёлы (Яўген Гусеў і Ганна Сцепанец) разам з Навальнічнымі (Аляксей Макарскі і Валерый Зімніцкі) не толькі парадавалі гасцей “Лялькі”, але і натхнілі іх на новыя формы супрацоўніцтва з нашым тэатрам.