Адбылася прэм’ера спектакля “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”

Рэмінісцэнцыі рro domo sua.  Кажучы па-беларуску — успаміны ў абарону самога сябе. Менавіта ў такім рэчышчы рухаецца дзеянне спектакля “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”, прысвечанага Марку Шагалу.

Мастак (галоўную ролю выконвае Юрый Франкоў) згадвае дзяцінства, юнацтва, свой няпросты шлях да прызнання. І, вядома, родны горад, што, мяняючы абліччы і настроі, захапляе, балюча крыўдзіць таленавітага юнака, абнадзейвае яго, акрыляе, расчароўвае…

Спектакль вызначаецца пластычнасцю і імклівасцю дзеяння. На стрыманую чорна-белую сцэнаграфію нібы выплёскваюцца сакавітыя фарбы яскравых эмоцый. І хочацца то ўсміхнуцца, то паціху змахнуць слязіну.

Пастаноўка была задуманая мастацкім кіраўніком “Лялькі” Віктарам Клімчуком амаль чатыры гады таму. Яе ажыццяўленне сталася магчымым дзякуючы плённаму супрацоўніцтву са сцэнографам Соф’яй Шахноўскай і харэографам Дзіянай Юрчанка. І, вядома, самаадданай і зладжанай працы артыстаў — Вольгі Маханьковай, Марыны Марозавай, Алега Рыхтэра, Сяргея Талкача, Вольгі Лазебнай і Наталлі Гайдук.