Свята “Лялькі” 2019

Святкаванне свайго 33-га дня народзінаў Беларускі тэатр “Лялька” распачаў новай пастаноўкай Віктара Клімчука “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”.

Добрай прэлюдыяй да спектакля стаў канцэрт Алены Марчанка (скрыпка) і Ірыны Міснік (раяль).

Свята “Лялькі” віравала і карагодзіла тры дні. Тут кожны знайшоў сабе занятак.

Дзеці змаглі пабачыць імправізацыю Міхася Клімчука “Казкі пра казку” паводле твораў Ганны Сілівончык і музычны спектакль-рэпетыцыю Віктара Клімчука “Тук-тук! Хто там?” па п’есе Любаміра Ралчава.

Юныя мастакі натхнёна малявалі ў жартоўнай студыі “Дзядзечкі Пэна” пад кіраўніцтвам Марыі Кавалёвай.

Рухавыя і актыўныя дзеткі разам з мамамі ўдзельнічалі у вясёлай эстафеце з Ларысай Мартынавай і Вольгай Маханьковай.

Хтосьці з дапамогай Наталлі Гайдук упрыгожвў твар святочным макіяжам.

Хтосьці ўласнаручна ствараў бісерны сувенір з Ірынай Баранавай, кіраўніком гуртка гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі.

І як жа без фота? Дар’я Зімніцкая і Уладзіслаў Панчанка дапамаглі ўсім жадаючым зрабіць эфектныя кадры на добры ўспамін пра вясёлае свята.

У фае выступілі артысткі цыркавой студыі “Амадзіна” Ганна Цітовіч і 6-гадовая Вікторыя Хампэ.

Неверагодная пластычнасць і шчырая ўсхваляванасць Вікторыі глыбока кранулі гледачоў “Лялькі”.

Спектакль “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” паводле твораў Яна Баршчэўскага, створаны ў 1993 годзе рэжысёрам Алегам Жугждам і мастаком Аляксандрам Сідаравым, трывала ўвайшоў у залаты фонд Беларускага тэатра “Лялька”.

За 26 год пастаноўка адзначана пяццю Гран-пры прэстыжных міжнародных конкурсаў і сямнаццаццю дыпломамі на самых розных пляцоўках. Тонкая праца з марыянеткамі і непаўторны шарм Аляксандра Маханькова і Юрыя Франкова зрабілі “Загубленую душу” адным з улюбёнейшых спектакляў заўсёднікаў нашага тэатра.

Шмат хто з іх глядзеў гэты твор ужо чацвёрты-пяты раз. Але тыя, хто ў святочны вечар завітаў у “Ляльку” ўпершыню, таксама засталіся задаволеныя.

Цудоўны настрой перад спектаклем “Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка” стварылі юныя цымбалісткі Дзіцячай школы мастацтваў №1 пад кіраўніцтвам Людмілы Базылюк.

Было заўважана, што дарослыя гледачы выяўляюць у прымерцы тэатральных аксэсуараў і фатаграфаванні не менш энтузіязму, чым маленькія…