Віншуем усіх, хто прычыніўся да стварэння спектакля “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”!

Журы XVII Міжнароднага тэатральнага форуму «Золотой Витязь» узнагародзіла Віктара Клімчука, рэжысёра спектакля “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”, дыпломам “За тэатральны вопыт спасціжэння свету Марка Шагала”.

«Золотой Витязь» — адзін з прэстыжнейшых фестываляў у Расіі, што праходзіць пад дэвізам “За маральныя ідэалы. За узвышэнне душы чалавека”. За ўсю гісторыю яго існавання тэатры лялек, дапушчаныя да ўдзелу ў заключным этапе адбору, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Ацэньваючы пастаноўку Беларускага тэатра “Лялька”, члены журы асабліва адзначылі лінію адносінаў Мастака (артыст Юрый Франкоў) і Маці (актрыса Вольга Маханькова). А ўвогуле, гэты спектакль вызначаецца найперш зладжанасцю працы акцёрскага ансамбля, дзе постаць кожнага з персанажаў выяўляецца ярка і выразна.

Для мастацкага кіраўніка “Лялькі”, Віктара Клімчука, дэбют у якасці ўдзельніка «Золотой Витязь» аказаўся надзвычай удалым — узнагароду атрымала яшчэ і яго пастаноўка “Грешневая каша” паводле аднайменнага твора Людмілы Шаўцовай, створаная ў Белгарадскім дзяржаўным тэатры лялек.