Юбілейная вечарына Віктара Клімчука

“Лялька” 28 лістапада адсвяткавала юбілей свайго мастацкага кіраўніка

Ранкам самы вясёлы і відовішчны спектакль Віктара Клімчука — “Брэменскія музыкі”. Побач са сваім мастацкім кіраўніком — амаль уся трупа, у тым ліку артысты, што ігралі ў пастаноўцы ад 1998 года, заваяваўшы для свайго тэатра міжнароднае прызнанне і ўзнагароды з Германіі, Латвіі, Польшчы, Сербіі і Чарнагорыі : Алесь Маханькоў, Вольга Маханькова, Алег Рыхтэр, Юрый Франкоў, Ларыса Мартынава і Ганна Сцепанец.

Іх імпэт выклікаў непадробнае захапленне гледачоў, якія доўга не адпускалі любімых акцёраў са сцэны. Да сяброў завітала са сталіцы Вольга Корзун, што калісьці таксама бадзёра скакала ў “Брэменскіх музыках”.

А перад спектаклем у фае гулялі з дзецьмі клоўны, выпрабоўвалі смеласць прысутных мядзведзі, іграў ансамбль флейтыстаў “Эдэльвейс” і выступалі прыгажуні-акрабаткі з тэатральна-цыркавой студыі “Амадзіна”.

А ў вечары — тэатральны капуснік, прысвечаны юбілею Віктара Клімчука

Сюжэт яго гэтым разам склалі асобныя факты біяграфіі Віктара Ігнатавіча — галоўным чынам з часоў яго маладосці і пошукаў сябе ў прафесійным мастацтве, творча пераасэнсаваныя артыстамі “Лялькі”. Тут знайшлося месца і хвілінкам філасофскага роздуму, і нястрымнаму гумару, і песням, і танцам, і выкшталцоным лялечным нумарам, і шчырым прыгожым пажаданням з боку запрошаных гасцей.

Гледачы ж чарговы раз дзівіліся прыгажосці і таленту артыстаў, выхаваных юбілярам.