Дзень горада ў “Ляльцы”

Святкаванне Дня горада ў “Ляльцы” пачалося яскрава і весела – з маляваных падарункаў роднаму гораду Віцебску.

Сонейка, зоркі, рознакаляровыя кветкі ўпрыгожылі пляцоўку перад тэатрам.
Затым гасцей запрасілі ў фае, дзе дзетак і бацькоў сустрэў казачны свет. Тут правяць бал лялькі – вялікія і маленькія, раставыя і планшэтныя. Есць нават марыянеткі і механічны тэатр.

Успомніць гісторыю роднага горада дапамагла віктарына. Дзеці з задавальненнем пляскалі ў далоні, калі згаджаліся, і гучна тупалі ножкамі, калі – не. Вядома, былі спевы і танцы. Якое ж свята без іх!

А колькі фатаздымкаў застанецца на памяць! І побач са Старыком Хатабычам, і разам з лялькамі ў фае тэатра. З імі ўвогуле можна фатаграфавацца некалькі гадзін. Але гледачоў чакала яшчэ адна імпрэза – музычная казка “Дапытлівы слонік” паводле вядомага твора Рэдзьярда Кіплінга. Дарэчы, у кастрычніку гэтага года спектаклю споўніцца 30 год.

Вядома, паглядзець яскравае падарожжа Дапытлівага слоніка дзеці прыйшлі разам з бацькамі. І былі сярод іх тыя, хто памятае гісторыю падарожжа ў Афрыку з дзяцінства. Казка, створаная рэжысёрам Віктарам Клімчуком і мастаком Ганнай Сідаравай, ім настолькі тады спадабалася, што сёння дарослыя наведалі “Ляльку” ўжо са сваімі дзецьмі.