Юрый Франкоў узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны

Юрый Франкоў узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны

Калектыў Беларускага тэатра “Лялька” віншуе вядучага майстра сцэны Юрыя Адамавіча Франкова са значнай дзяржаўнай узнагародай. За шматгадовую плённую працу ў галіне культуры, высокае выканальніцкае майстэрства і актыўную прапаганду беларускага нацыянальнага мастацтва Юрый Адамавіч Франкоў узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны.

Афіцыйная цырымонія ўручэння адбылася 3 ліпеня ў Мінску ў Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Медаль імя Францыска Скарыны Юрыю Адамавічу Франкову ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

За сорак год працы ў тэатры “Лялька” Юрый Адамавіч сыграў безліч роляў, і асноўныя з іх – галоўныя: гераічныя і сатырычныя, тэмпераментныя і іранічныя, паэтычныя і разважальныя, трапяткія і віртуозныя. Кожная з роляў запамінальная, старанна выпісаная, неардынарна бліскучая, каларытная. Аб таленце акцёра сведчаць рознапланавыя работы ў спектаклях “Скарб” (Анёл), “Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам” (Пэтсан, Дзядуля), “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў” (Бан-Жвірба), “Ладдзя роспачы” (Лірнік), “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” (Доктар, Другі карыфей), “Жураўлінае пяро” (Сато, бедны селянін), “Нататкі вар’ята” (Голеныя гранды), “Хлопчык-Зорка” (Слуга, Першы вартавы), “Чароўная зброя Кэндзо” (Гідаю), “Спакуса” (Ягор Сямёнавіч Пясоцкі), “Брэменскія музыкі” (Асёл), “Сунічкі для Веліканачкі” (Велікан), “Бука” (Пагуляй), “Дзед і Жораў” (Дзед), “Аладзін” (Візір, Рыбак), “Кветачка-вясёлка” (Хлопчыкі), “Марозка” (Марозка, Стары), “Чорная курыца, або Падземныя жыхары” (Чарнушка-Міністр), “Церам-церамок” (Добры дзед), “Дапытлівы Слонік” (Пітон), “Касмічная казка” (Астромік), “Цар Ірад” (Батлеечнік), “Мастак. Вяртанне ў Віцебск” (Мастак), “Мой вялікі маленькі Дзядуля” (Дзядуля), “Ох і залатая табакерка” (Ох, Охаў служка, Рыбак).

Юрый Адамавіч Франкоў узнагароджаны Ганаровай граматай і нагрудным знакам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2011), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2012), Ганаровымі граматамі грамадскага аб’яднання “Беларускі цэнтр “УНІМА” (2014), Віцебскага аблвыканкама (2016), Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2015), прэміяй Віцебскага аблвыканкама (2019), знакам “За шматгадовае служэнне Беларускаму тэатру “Лялька” (2021).

Партрэт Юрыя Адамавіча Франкова змешчаны на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Юрый Адамавіч Франкоў – лаўрэат прэміі “Сузор’е муз” у намінацыі “Тэатральная творчасць” (2005), уладальнік прыза Саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальны анёлак” (2005, 2015).

За годы працы ў тэатры “Лялька” Юрый Адамавіч браў удзел у шматлікіх нацыянальных і міжнародных лялечных фестывалях у Беларусі, Германіі, Егіпце, Тунісе, Украіне, Польшчы, Сербіі, Латвіі, Літве, Чарнагорыі, Расіі і іншых краінах.