21 лютага ў нашым тэатры адбылося мерапрыемства, прысвечанае роднай мове. Гэты вечар стаў сапраўдным падарункам для ўсіх, хто любіць беларускую культуру і імкнецца захаваць яе скарбы.

Музыка, што вяртае да вытокаў
Святочную атмасферу стварылі цымбалы – іх цёплыя напевы напоўнілі файе тэатра, нагадваючы пра непарыўную сувязь пакаленняў. Гэтыя гукі сталі пралогам да мастацкай часткі вечара, дзе артысты тэатра прадэманстравалі сваё майстэрства.

Лірыка Вольгі Русілкі і магія Караткевіча
Гледачы заслухаліся вершамі, песнямі і прозай Вольгі Русілкі. Яе творы, выкананыя з задушэўнай глыбінёй, праніклі ў сэрцы кожнага. Працягам і кульмінацыяй вечара стаў спектакль па казцы Уладзіміра Караткевіча “Кацёл з каменьчыкамі” ў пастаноўцы Марыі Кавалёвай.
Сваімі ўражаннямі падзялілася ўдзельніца мерапрыемства Улада:
“Родная мова – не проста сродак камунікацыі. Гэта мова, на якой размаўлялі мае продкі, мова, на якой размаўляю і я. Да таго, як Вольга Іванаўна пачала выкладаць ў мяне на першым курсе, я нават і не думала, што столькі ўсяго цікавага ёсць у нашай мове. Беларуская мова для мяне – ключ да разумення багатай беларускай літаратуры, фальклору, музыкі і нашай спадчыны, гэта частка мяне самой, мой гонар і скарб”.
Тэатр “Лялька” шчыра дзякуе ўсім гледачам за цёплы водгук і энергію, якой вы шчодра дзяліліся гэтым вечарам. З вашай дапамогай свята мовы набыло асаблівы сэнс – адзінства традыцый, мастацтва і сённяшняга дня.
Мерапрыемства ў люстэрку СМІ
Падзея не засталася незаўважанай: пра свята роднай мовы напісалі віцебскія медыя, а ў абласной газеце “Віцебскія весці” з’явіўся артыкул.
Падрабязней пра свята можна прачытаць тут: (https://vitvesti.by/index.php/obshestvo/u-teatry-lialka-adbylasia-sustrecha-z-belaruskai-paetkai-volgai-rus-lka.html).
Мова – гэта нашы карані

Мерапрыемства “Да мяне прытулілася Слова” не проста канцэрт ці спектакль – гэта размова з гледачом праз прызму традыцый.
Гэты дзень нагадвае: родная мова – не толькі слова, але і пачуццё прыналежнасці да народа, крыніца натхнення і моц, што аб’ядноўвае нас праз стагоддзі. Няхай яна заўсёды жыве ў нашых сэрцах!