21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца прафесійнае свята майстроў лялечнага мастацтва. Наш тэатр “Лялька” падрыхтаваў да гэтай даты насычаную праграму, якая аб’яднала гледачоў розных пакаленняў — ад самых маленькіх да дарослых знаўцаў тэатра.

Дзень пачаўся з унікальнай адукацыйнай падзеі. Акцёры-лялькаводы, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, правялі адкрыты майстар-клас па лялькаваджэнні. Наведвальнікі змаглі не толькі ўбачыць складаную ўнутраную працу артыста, але і самі паспрабаваць “ажывіць” персанажаў. Гэта была рэдкая магчымасць зразумець, як праз жэст, рух і подых лялька набывае характар і душу.
Для маленькіх гледачоў сапраўдным падарункам стаў паказ нядаўна адноўленага спектакля “Асцярожна, Соня!“. Гісторыя, напоўненая дабрынёй і важнымі жыццёвымі ўрокамі, зноў вярнулася на сцэну, выклікаўшы захапленне ў зале.
Кульмінацыяй свята стаў вечаровы паказ для дарослай аўдыторыі. Тэатр прадставіў унікальны перформанс на хадулях “Исход“, прысвечаны жыццю і творчасці нашага славутага земляка Марка Шагала. Гэта відовішчная і філасофская пастаноўка дазволіла гледачам па-новаму зірнуць на мастацтва лялечнікаў, якое выходзіць далёка за межы класічнай сцэны і ператвараецца ў маштабнае вулічнае дзейства. Міжнародны дзень лялечніка чарговы раз даказаў: мастацтва лялькі не мае ўзросту, яно здольнае здзіўляць кожнага.