Як “Лялька” ў Паставах гасцявала

19 мая наша творчая каманда накіравалася ў Паставы — культурную сталіцу Беларусі 2026 года. Фестывальная атмасфера захапіла горад, і мы не маглі гэта прапусціць. Наш тэатр разгарнуў інтэрактыўную казку пад адкрытым небам і падарыў жыхарам і гасцям свята мноства яркіх эмоцый, усмешак і творчых адкрыццяў.

Для нашых самых галоўных і любімых гледачоў — дзяцей — мы прывезлі спектакль «Асцярожна, Соня!». Юныя гледачы шчыра суперажывалі героям, гучна смяяліся і разам з намі шукалі адказы на важныя пытанні. Бачыць поўныя захаплення дзіцячыя вочы — найлепшая ўзнагарода для кожнага з нас!

Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся: нашы артысты арганізавалі эксклюзіўныя майстар-класы па лялькаваджэнню. Мы з захапленнем дзяліліся прафесійнымі сакрэтамі і паказвалі, як з дапамогай нітак і трасцей удыхнуць жыццё ў персанаж. І малыя, і іх бацькі з азартам бралі ў рукі лялек і спрабавалі сябе ў новай ролі.

Сапраўдным фурорам і візуальным сэрцам свята стаў наш перформанс на хадулях. Апрануўшыся ў неверагодныя, яркія касцюмы, нашы акцёры-веліканы ўзляцелі над фестывальным натоўпам. Яны танцавалі, жартавалі і прыкавалі да сябе тысячы поглядаў. Ад ахвотных зрабіць памятнае сэлфі не было адбою!

Дзякуй культурнай сталіцы за такі цёплы, шчыры прыём. Мы не развітваемся, а кажам: да новых сустрэч у глядзельнай зале нашай роднай «Лялькі»!