
6 лістапада Беларускі тэатр «Лялька» стаў пляцоўкай для цёплай і натхняльнай сустрэчы: у яго сценах адбылося творчае спатканне з вядомай беларускай паэтэсай Вольгай Іванаўнай Русілка.
Галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі дзеці, для якіх арганізатары падрыхтавалі насычаную і захапляльную праграму. Упрыгожваннем сустрэчы стала паэтычная хвілінка. Вершы Вольгі Іванаўны, напоўненыя сэнсам і мілагучнасцю роднага слова, прагучалі ў выкананні майстроў сцэны – акцёраў тэатра. Прафесійнае чытанне дапамагло юным слухачам глыбей адчуць кожны вобраз і пранікнуцца шчырай атмасферай беларускай паэзіі. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі выступленні і актыўна ўключаліся ў дыялог.
Яшчэ адным незабыўным момантам і выдатным падарункам для хлопчыкаў і дзяўчынак стала тэматычная экскурсія «Дом, дзе жывуць лялькі». Дзецям паказалі, як ствараюцца персанажы спектакляў, і пазнаёмілі з гісторыяй і духам тэатральнага закулісся.
Гэты дзень падарыў маладым гледачам не толькі новыя веды пра беларускую літаратуру, але і незабыўныя эмоцыі ад блізкага знаёмства з мастацтвам.