Прэм’ера сакрэтнай казкі

У рэпертуары віцебскіх лялечнікаў з’явіўся новы спектакль — “Мой вялікі маленькі Дзядуля”. Пастаноўку мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра “Лялька” Віктара Клімчука і мастака Дзмітрыя Гаралевеча без перабольшання можна лічыць эксперыментальнай. Лірычная казка Сяргея Рублеўскага  “Тузік-Гузік” натхніла на стварэнне п’есы Вольгу Прусак, вядомую вострасацыяльнымі творамі. У выніку атрымалася фантасмагарычная гісторыя пра адзіноту дзіцяці ў абрыдліва прадказальным сучасным свеце і пра бязмежную любоў дзядулі да сваёй унучкі.

Эксперыментам стала і выкарыстанне мультфільмаў, створаных у дзіцячай анімацыйнай студыі “Мы Ёсць!”, дзе займаюцца дзеці, што праходзяць лячэнне ў РНПЦ Дзіцячай Анкалогіі, Гематалогіі і Імуналогіі.

У ролі чулага і абаяльнага Дзядулі гледачы змогуць пабачыць Юрыя Франкова. Настаўніца ў бліскучым выкананні Вольгай Маханьковай — постаць адначасова і вельмі тыповая для сучаснай школы і абсалютна казачная. То яна адным позіркам змушае вучняў адчуць сябе нікчэмнымі гарошынамі, то ператвараецца ў дзіцячых трызненнях у пагрозлівую хімеру.

Галоўную ж ролю — кранальнай у сваёй непасрэднасці дзяўчынкі Лады, стваральніцы і ўладаркі фантастычнага свету, увасобіла зусім юная актрыса “Лялькі”, Кацярына Абрамовіч. Іншая дэбютантка, Аляксандра Бурдзілоўская сыграла хлопчыка Рому.

Асабліва хочацца спыніцца на вобразах, створаных Наталляй Гайдук. Менавіта Гузік, Сонейка і асабліва зграбны задуменны Белы Сабака ператвараюць побытавы аповяд пра няпростую адаптацыю да школы — звонку прыгожага, але цеснага і нязручнага пеналу — у чароўную казку, сакрэты якой адкрыюцца толькі ўважліваму гледачу.