“Добрым трэба дзяліцца!” — кажа галоўны герой спектакля “Мой вялікі маленькі Дзядуля”, якім Беларускі тэатр “Лялька” распачаў свой трыццаць пяты сезон.
Адкрыццё сезону гэтым разам прайшло без духавога аркестра, без песень і танцаў, без урачыстага ўзнагароджання лепшых артыстаў — сёння пышнае свята выглядала б недарэчна.
Затое з добрым сімпатычным клоўнам Масай і фірмовымі “лялькаўскімі” пачастункамі для самых дасведчаных гледачоў.
Сябры! Мы чакаем вас: юных і сталых, бадзёрых і стомленых, радасных і ўстрывожаных, сумных і абнадзееных. І прыкладзем усе намаганні, каб у любых, нават самых неспрыяльных абставінах, тэатр “Лялька” заставаўся выспаю дабрыні, праўды, прыгажосці і любові.
Мы з вамі, нашы дарагія гледачы!