Беларускі тэатр “Лялька” адсвяткаваў сваё 35-годдзе

Дзеці пабачылі спектаклі “Ох і залатая табакерка” ды “Насарог і Жырафа”. А яшчэ сустрэліся з добрымі і вясёлымі клоўнамі, героямі спектакляў, фантазійнымі персанажамі, артысткамі тэатральна-цыркавой студыі “Амадзіна”. Дружна займаліся калектыўнымі размалёўкамі і напісаннем светлых пажаданняў любімаму тэатру. А таксама прынялі ўдзел у гульнях, конкурсах і вясёлай лялечнай дыскатэцы з Дзінь і Донам.

Дарослыя ж наведалі спектакль “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”. Пазнаёміліся з працамі мастакоў Вячаслава Шайнурава і Дзмітрыя Гаралевіча. А самыя ўдачлівыя трапілі на “Святочны капуснік”, над якім акцёры “Лялькі” самааддана працавалі не адзін тыдзень — паасобку, маленькімі групамі і ўрэшце ўсе разам, рэалізуючы самыя неверагодныя творчыя ідэі. І нездарма! Гледачы з вялікай любоўю і непадробным імпэтам сустракалі і сур’ёзныя філасофскія нумары, і віртуознае лялькаваджэнне, і вакальна-танцавальныя імправізацыі, і жартоўныя рэпрызы. Здавалася, што на наступную порцыю апладысментаў у залы проста сілаў не хопіць. Але ж хапала! Да самага фіналу, што стаўся сапраўдным апафеозам свята.

Некаторыя супрацоўнікі атрымалі граматы і падзякі Міністэрства культуры, а таксама мясцовых органаў улады. А актрыса Вольга Лазебная — ганаровы знак Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

Усе фотаздымкі можна пабачыць тут