Адкрыццё 37 тэатральнага сезону

«Лялька» распачала новы сезон спектаклем “Каля-Маля” і конкурсам юных мастакоў
П’еса Святланы Дарожка “на адну дзею і шэсць малюнкаў”, ўзятая за аснову спектакля, насычаная парадоксамі і пытаннямі без адказаў. Навошта каню лішнія ногі, а дураслівым цмокам банцікі? Чаму, збіраючыся пайсці на госці, хлапчук апынуўся ў намаляваным свеце? Якім чынам трапляе туды мама: заснула? Страціла прытомнасць? Прыгадала дзяцінства?

П’еса праляжала ў шуфлядцы мастацкага кіраўніка “Лялькі” Віктара Клімчука не адзін год, пакуль ён наважыўся на відавочна эксперыментальную (ва ўсялякім разе для сябе і артыстаў) пастаноўку. Здаецца, вынік парадаваў і першых гледачоў, і стваральнікаў спектакля. Мастак-сцэнограф Крысціна Баранава паспрабавала ўвасобіць праз лялек, дэкарацыі, касцюмы і мультымедыйнае суправаджэнне матывы розных мастацкіх плыняў Віцебшчыны. Цікава, ці пазнаюць паважаныя мэтры айчыннага жывапісу сябе ў хлопчыку Віцю, якога ўвасобіў самы юны артыст нашага тэатра — Даніла Катовіч?

Ролю гераіні, на чыю долю выпалі рызыкоўныя трансфармацыі, выканала Вольга Маханькова. Некаторыя са старэйшых глядачак прызналіся, што пабачылі сябе ў прыгожай, дагледжанай і заўжды заклапочанай спадарыні, якую раздражняе неспакойны талент сына. Але Мама, нібы гартаючы старонку за старонкай надзейна забытых уласных дзіцячых мар і фантазій, пакрысе знаходзіць сцежку да сусвету свайго Каля-Маля.

Акцёрам Наталлі Гайдук, Яўгену Гусеву і Аляксандры Бурдзілоўскай давялося ствараць казачны свет і насяляць яго каларытнымі характарнымі персанажамі. Конь, Карова, Паравозы, Цмокі — кожны з іх уздымае Маму яшчэ на адну прыступку ўяўлення. Аж да амаль шагалаўскага палёту.
Спектаклю папярэднічалі сустрэчы з персанажамі любімых спектакляў, што сталі галоўнымі натуршчыкамі ў экспрэс-конкурсе юных мастакоў. А потым самыя ўважлівыя і таленавітыя атрымалі фірмовыя пернікі з лагатыпам Беларускага тэатра “Лялька”. І ўсе разам павесяліліся з юнымі вакалісткамі Дзіцячай школы мастацтваў №4, артыстамі тэатра і элегантным канферансье Алегам Рыхтэрам.