Прэм’ера спектакля “Кацёл з каменьчыкамі”

У рэпертуары Беларускага тэатра “Лялька” з’явілася казка-прыпавесць — “Кацёл з каменьчыкамі” паводле Уладзіміра Караткевіча.

Пастаноўку ажыццявіла Марыя Кавалёва, навучэнка Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Сцэнаграфія Дар’і Дубовік прасякнутая знакавай метафарычнасцю і прапануе варыянты прачытання ў залежнасці ад дасведчанасці, схільнасцяў і настрою кожнага асобнага гледача.
Пры гэтым строгі кампазіцыйны лад (інсцэніроўку рабіла драматург Вольга Прусак) і выразнасць трох цэнтральных вобразаў прыпадабняе спектакль ледзьве не да ўзораў старажытнай трагедыі.

Чараўнік у выкананні Сяргея Талкача — увасабленне вышэйшай сілы, што змагаецца з Несправядлівасцю. Ён нясе цяжар чалавечага болю і спускаецца да людзей, каб пакараць жорсткіх і даць палёгку слабым — атуліць іх белымі крыламі. А тут, на зямлі, робіцца безабаронна-ўразлівым і нават крыху наіўным. Праз надзвычай выразную пластыку артыста (харэограф Дзіяна Юрчанка) чытаюцца праявы спрадвечных індаеўрапейскіх культава-мастацкіх практык.

Вобраз Мар’і, маці пяцёх дзяцей, пададзены праз вобраз птушкі, што спрабуе прыладзіць сваё гняздзечка ў халодным і непрытульным свеце. Актрыса Вольга Лазебная выказвае бяду сваёй гераіні тонка і далікатна, не пераходзячы ў істэрыку — праз скупыя, але выразныя рухі, праз народную песню. Гэта адчай чалавека, што не мае сілаў ні на крык, ні на слёзы, а ўсё ж цягнецца і цягнецца за сваёй кволай нітачкай надзеі. Аж пакуль не атрымлівае сваё выпакутаванае поле бульбы.

Артыст Яўген Гусеў у ролі скупога злоснага Ігната вусцішна арганічны. Яго ўпэўненасць у праве браць ды браць, нічым не дзелячыся, нагэтулькі пераканаўчая, што гледачы міжволі адчуваюць моц панавання Зла, гатовага знішчыць увесь свет дзеля сваёй прывіднай карысці.

Важным складнікам поспеху спектакля з’яўляецца арыгінальная музыка Мікіты Гушчанкі, што спрытна нітуе розныя стылі і кірункі ў цэльнае, прасякнутае яскравымі эмоцыямі музычнае палатно.