22 лютага наш тэатр “Лялька” ператварыўся ў святочную пляцоўку. Масленіца, адно з самых яркіх народных святаў, сабрала дзясяткі жыхароў, каб разам праводзіць зіму і адчуць самабытны дух беларускіх традыцый.

Свята пачалося яшчэ да першага званка. У фае тэатра панавала атмасфера сапраўднага кірмашу: гасцей частавалі духмянай гарбатай з самавара і, вядома, блінамі – галоўным сімвалам сонца.
Асаблівую цікавасць выклікаў майстар-клас па выцінанцы. Пад кіраўніцтвам майстроў гледачы вучыліся тонкаму мастацтву ажурнага выразання з паперы. Кожны змог стварыць свой унікальны сувенір і забраць яго з сабой як часцінку святочнага настрою.

Традыцыйныя забавы з танцамі вакол сімвалічнага сонца сталі кульмінацыяй вулічнай часткі праграмы. Агульнымі намаганнямі госці “заклікалі” вясну, спадзеючыся на хуткае цяпло і святло.
Завяршальным аккордам святочнага дня стаў паказ спектакля “Марозка”. Гэтая добрая і павучальная казка ідэальна дапоўніла масленічную атмасферу, падарыўшы гледачам веру ў цуды і новыя спадзяванні. Тэатр “Лялька” чарговы раз даказаў, што народныя традыцыі могуць быць жывымі, сучаснымі і цікавымі для любога пакалення.

