Маштабны культурна-адукацыйны маршрут “Цягнік Памяці” працягвае сваё падарожжа. 24 чэрвеня ўдзельнікаў праекта сустракаў старажытны і гасцінны Віцебск. Адным з самых яркіх пунктаў праграмы стаў прыпынак каля Беларускага тэатра “Лялька”, дзе для моладзі разгарнулася свята лялечнага мастацтва.

Сёлета праект, які стартаваў па ініцыятыве верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі, прымеркаваны да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На працягу двух тыдняў (з 22 чэрвеня па 4 ліпеня) 200 самых матываваных старшакласнікаў з 18 краін свету наведваюць месцы баявой славы, мемарыялы і знаёмяцца з культурнай спадчынай 8 беларускіх і 5 расійскіх гарадоў.
Каля тэатра “Лялька” ўдзельнікаў “Цягніка Памяці” чакала адмысловая інтэрактыўная праграма “Лялька без межаў”. Сустрэча пачалася з цёплага прывітання на розных мовах, бо геаграфія праекта шырокая.
Вядучыя пазнаёмілі гасцей з багатай гісторыяй тэатра, які менавіта ў гэтым годзе святкуе свой 40-гадовы юбілей. Юныя падарожнікі даведаліся, што:
- Зэатр нарадзіўся 20 красавіка 1986 года з першага спектакля “Дзед і Жораў”.
- За сваю гісторыю артысты наведалі з гастролямі 70 краін свету, уключаючы Расію, Казахстан, Францыю і Іран.
- У 2000 годзе калектыў атрымаў высокае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.


Школьнікі з цікавасцю дзяліліся, як гучыць слова “кукла” на іх родных мовах (напрыклад, “ойыншық” у Казахстане ці “луттак” у Таджыкістане), і адгадвалі беларускае слова — “лялька“.
Таксама для гасцей правялі экспрэс-віктарыну “Тэатральны знаўца”. Хлопцы і дзяўчаты беспамылкова адказалі, што старадаўні беларускі лялечны тэатр называецца батлейкай, а мастак, з якім непарыўна звязаны вобраз Віцебска, — Марк Шагал.
Кульмінацыяй сустрэчы стала пранікнёная паэтычная падводка і пачатак мініяцюры “Мастак. Горад кахання”. Праз мову рухаў і знакамітыя шагалаўскія вобразы юным патрыётам нагадалі галоўную ісціну: менавіта любоў з’яўляецца фарбай, якая аб’ядноўвае пакаленні, гарады і краіны.
Наперадзе ўдзельнікаў “Цягніка Памяці” чакаюць новыя гарады, сустрэчы і наведванне знакавых мемарыялаў, але творчая і гасцінная атмасфера Віцебска назаўжды застанецца ў іх сэрцах.


