Каханне пад сакурай

Сакура расквітнела ў Віцебску.
14 лютага — самы час пачынаць чакаць вясну. А куды вясна прыходзіць раней за ўсё? Вядома, у краіну Ўзыходзячага сонца.

Каханне пад сакурай

Таму на японскую вечарыну ў Беларускі тэатр “Лялька” спяшаліся гледачы розных узростаў і схільнасцяў. Ну а арганізатары пастараліся парадаваць кожнага. Хтосьці займаўся японскай гімнастыкай пад кіраўніцтвам Сяргея Талкача, хтосьці акуратна выпісваў іерогліфы-абярэгі разам з абаяльнай Ацумі-сан (Наталля Гайдук), хтосьці рабіў папяровых жораваў пад кіраўніцтвам педагогаў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Самыя смелыя наважыліся паспрабаваць сакэ з рук засяроджанага Ундзу-сама (Міхась Клімчук) і распытаць пра свой лёс у таямнічай Марыко-сан (Марыя Кавалёва).

Найбольш удачлівым удзельнікам святочнай латарэі фірма “Хэппі-турс” прапанавала сертыфікаты на замежныя вандроўкі. А ўдзельнікаў конкурсу “Прызнайся ў каханні па-японску” чакала ўзнагарода — танец зманлівай Гейшы і прыватная чайная цырымонія ў выкананні Аксаны Драздовай, навучэнкі Акадэміі Здароўя Юрыя Садоўскага.

Спектакль тэатру ценяў “Легенда пра сакуру”, пастаўлены Аляксандрам Маханьковым, у выкананні навучэнак Віцебскага дзяржаўнага каледжу культуры і мастацтва атрымаўся пранізліва-паэтычным, светлым і прыгожым пралогам да спектакля “Чароўная зброя Кэндзо”. Гэта, несумненна, адна са знакавых пастановак Беларускага тэатра “Лялька”. Далікатнае перайманне традыцыйнага японскага тэатра, прыгожая музыка і сцверджанне ўсепераможнасці дабрыні і любові глыбока ўзрушылі гледачоў.

Паколькі ў Японіі 14 лютага прынята ласавацца шакаладам, то і наведнікі “Лялькі” на развітанне атрымалі салодкі пачастунак. Фіналам жа стаўся калектыўны запуск ліхтарыкаў у вечаровае віцебскае неба, куды спрадвеку імкнуцца вочы і душы закаханых…