“Лялька” адзначыла Дзень тэатра творча. І ў добрай кампаніі.

Праект, ініцыяваны Дзіянай Юрчанка, у гэтым годзе атрымаўся асабліва змястоўным, глыбокім і цікавым. Можа таму, што прапанаваная для развагі тэма “Чалавек +/- соцыум” з’яўляецца асноваю лепшых узораў сусветнай драматургіі і штурхае акцёраў да ўвасобленага ў яскравых вобразах асэнсавання ўласнага месца ў грамадстве.

Артысты Беларускага тэатра “Лялька” падрыхтавалі мастацкую чытку адразу дзвюх сучасных расійскіх п’ес. “Руская народная пошта” Алега Багаева распавядае пра нязводную адзіноту пенсіянера Івана Сідаравіча Жукава (Алег Рыхтэр), што паступова насяляе прастору сваёй свядомасці фантомамі-архетыпамі ХХ стагоддзя. Вакол яго карагодзяць Ленін (Аляксандр Маханькоў), англійская каралева (Ларыса Мартынава), Любоў Арлова (Вольга Маханькова), Чапаеў і Ельцын (Яўген Гусеў). Яркая, экспрэсіўная падача матэрыялу, уважлівасць да дэталяў і зладжаная акцёрская праца “лялькаўцаў” відавочна ўразілі гледачоў.

А у п’есе Дзмітрыя Данілава “Чалавек з Падольска” размова ідзе пра добраахвотную ізаляцыю ад жыцця — бясколернае аўтаматычнае існаванне галоўнага героя (Міхась Клімчук). Пад інтэлектуальна-маральным ціскам Паліцэйскіх (Сяргей Талкач, Марыя Кавалёва, Яўген Палавінскі) ён вымушаны нібы прачнуцца і прыгледзецца да сваёй працы, людзей і роднага горада. Тэма бяздушных стэрэатыпаў і прыніжэння роднай гісторыі ў Віцебску гучыць асабліва актуальна. Ці многія з прысутных у зале, да прыкладу, маглі б назваць дату надання нашаму гораду Магдэбургскага права? Альбо згадаць пра супрацьстаянне невялікага віцебскага гарнізона ворагу ў 1654 годзе?

У праекце Народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Дзіяны Юрчанка паводле твора Габрыэля Гарсія Маркеса “Вельмі стары чалавек з вялізнымі крыламі” акцёр тэатра “Лялька” Сяргей Талкач выступіў у ролі чытальніка. Дарэчы, у пранікнёнай арыгінальнай візуалізацыі магічнай гісторыі Маркеса быў задзейнічаны яшчэ адзін наш калега — адміністратар Уладзіслаў Панчанка.

Абраныя акцёрамі-коласаўцамі “Звярыныя гісторыі” (аўтар Дон Нігра) яшчэ раз змусілі задумацца: што ж за загадкавыя “качкадзюбы” сабраліся ў зале? Ці патрэбен тэатр жыхарам Віцебска? Ці здольны ён дапамагчы ім намацаць шлях да сваёй душы? Ну і да соцыуму, вядома.