З Днём народзінаў, Марк!

Імпрэза, наладжаная Беларускім тэатрам “Лялька” сумесна з Музеем Марка Шагала ў Віцебску, сабрала і даўніх прыхільнікаў творчасці мастака, і тых, хто толькі зацікавіўся яго лёсам і творчай спадчынай. Яны азартна праходзілі квэст па экспазіцыі дома-музея, шукаючы адказы на пытанні – адны самі па сабе, другія аб’яднаўшыся ў інтэлектуальныя групоўкі.

Атрымаўшы сумленна запрацаваныя памятныя сувеніры, удзельнікі тэатральна-мастацкай вечарыны перабраліся ў “Ляльку”, бо, на жаль, надвор’е не дазволіла паказаць візуальны перформанс “Зыход” на панадворку музея.

Вядома, у фае тэатра спектакль глядзеўся не так эфектна, як меўся быць пад старымі дрэвамі на вуліцы Пакроўскай. Але “Зыход” заслужыў шчырыя апладысменты гледачоў.

Артысты ж былі проста шчаслівыя іграць для залы, якая з паўнамёку адгукалася на кожны сімвалічны штрых відовішчнага аповяду пра самага славутага ўраджэнца Віцебска — Марка Шагала.